Польская пракуратура здала Бяляцкага і рахункі 15 актывістаў

Пра гэта піша польскі часопіс "Wprost". Прадстаўнік Генпракуратуры Мацей Куяўскі прызнаў, што Польшча выканала беларускі запыт пра юрыдычную дапамогу ў справе Алеся Бяляцкага. Аднак, кажа Куяўскі, у запыце не было ніякіх звестак, што Бяляцкі займаецца апазіцыйнай дзейнасцю.


Еўрадэпутат ад Польшчы Кшыштаф Лісэк назваў дзеянні польскай Генпракуратуры надзвычайным скандалам. Па яго словах, Польшча ўсяляк падтрымлівае беларускую апазіцыю, а тымчасам яе дзяржаўныя органы выдаюць Беларусі аднаго з самых актыўных дзеячаў.


Як адзначае "Wprost", дзеянні пракуратуры выглядаюць тым больш дзіўнымі, што яшчэ ў студзені 2011 года кіраўнік МЗС Радаслаў Сікорскі прасіў генпракурора Анджэя Сэрэмэта ўважліва аналізаваць усе беларускія запыты пра юрыдычную дапамогу.

 
Праваабаронца Таццяна Равяка пацвердзіла Еўрарадыё інфармацыю польскага часопіса і дадала, што беластоцкая пракуратура выдала рахункі яшчэ 15 беларускіх грамадзянаў. 110811 Raviaka site_0.mp3

Равяка: Нам стала вядома пра тое, што Генеральная пракуратура Польшчы пацвердзіла выдачу дадзеных пра банкаўскі рахунак Алеся Бяляцкага ў Польшчы. Таксама нам вядома з паведамлення прэсавага сакратара Генеральнай пракуратуры Польшчы, што такія дадзеныя выдадзеныя яшчэ на 16 чалавек беластоцкай пракуратурай. Цяпер у нас выклікаюць заклапочанасць тыя людзі, гэтыя 16 чалаек, ці яны маюць дачыненне да праваабарончай дзейнасці. У прыватнасці, мяне хвалююць мае калегі, мой лёс мяне таксама хвалюе ў сувязі з выдачай інфармацыі па беларускіх рахунках польскім бокам.

Еўрарадыё: Вядома, хто гэтыя людзі?


Равяка: Пакуль мы маем толькі афіцыйную інфармацыю пракуратуры, што такіх паведамленняў было 16. Для нас пакуль не агучана, хто гэтыя людзі, банкаўская інфармацыя адносна якіх выдадзена беларускім адпаведным службам.


Еўрарадыё: Гэта таксама было па недаглядзе, як і літоўцы сцвяржаюць?


Равяка: Я не ведаю, чаму гэта адбылося. Інфармацыя была выдадзеная ў канцы чэрвеня, у гэты час ўжо было вядома, у тым ліку і польскім дыпламатам, пра тую складаную сітуацыю, у якой апынуўся Алесь Бяляцкі ў сувязі з выдачай інфарамцыі літоўскім бокам. Мне вельмі шкада, што так адбылося і мне вельмі шкада, што дзве бліжэйшыя для нас краіны – Польшча і Літва – спрычыніліся да арышту, пераследу майго калегі, з якім я працую ўжо 20 гадоў, якога я вельмі паважаю, Алеся Бяляцкага, і магчыма спрычыняцца да рэпрэсіяў у адносінах да іншых маіх калег.


Нагадаем, што Бяляцкага вінавацяць ва ўтойванні даходаў. Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Банкаўскія рахункі Бяляцкага Беларусі перад тым адкрыла Літва.

Польскі МЗС: Беларусь знайшла дзіркі ў міжнародных пагадненнях


Прэс-служба польскага дыпламатычнага ведамства выступіла са спецыяльнай заявай.


"У сістэме міжнародных працэдур і пагадненняў пра фінансавыя плыні, якія маюць служыць кантолю над тэрарыстычнымі і крымінальнымі пагрозамі, беларускія ўлады знайшлі магчымасці для атрымання інфармацыі, якую выкарысталі для рэпрэсій супраць уласных грамадзян", — гаворыцца ў дакуменце.


Мэта такіх дзеянняў — поўны кантроль над беларускім няўрадавым сектарам і апазіцыяй, а таксама дыскрэдытацыя дапамогі Еўрасаюзу грамадзянскай супольнасці, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні.


"Уся гэтая справа чарговы раз паказвае, што падтрымка дэмакратычных рухаў у свеце вымагае лепшай каардынацыі ў рамках ЕС. Таму мы спадзяемся на як мага хутчэйшае стварэнне Еўрапейскага фонду падтрымкі дэмакратыі", — дадае прэс-служба польскага МЗС.

Яшчэ адна справа  Бяляцкага - яго могуць пачаць пераследаваць за дзеянне ад імя незарэгістраванай арганізацыі

 

11 жніўня 2011 у Мінскім гарадскім судзе прайшоў разгляд касацыйнай скаргі на рашэнне суда Цэнтральнага р-на Мінска, які адмовіў у задавальненні скаргі, пададзенай Алесем Бяляцкім на папярэджанне Генпракуратуры.
Папярэджанне аб недапушчэнні парушэння закона (арт. 193.1 КК РБ) Бяляцкаму было вынесена 16 лютага 2011 года. «Вашы дзеянні ад імя праваабарончага цэнтра "Вясна "супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь», - гаварылася ў папярэджанні.
БХК накіраваў на пасяджэнне Алега Гулака ў якасці прадстаўніка грамадскасці.

Еўрарадыё: Вы вярнуліся з суда, дзе разглядалася скарга Бяляцкага. Як праходзіў суд, якія довады былі з вашага боку і як абгрунтаваў суд тое, чаму на судзе не было Бяляцкага?
Гулак: “Гэта справа раглядалася без Бяляцкага, бо суд сказаў, што ў суда няма заявы Бяляцкага аб тым, што ён бы хацеў удзельнічаць у працэсе. Пры гэтым, па іх дадзеных, Бяляцкі атрымаў паведамленне аб даце разглядзу скаргі. Гэтае пытанне яшчэ трэба правяраць, бо калі акажацца, што Бяляцкі не меў магчымасці прысутнічаць на гэтым працэсе, але хацеў, то можна будзе казаць пра парушэння права на справядлівы суд.
Падчас гэтага судовага працэса я звяртаў увагу суда на тое, што акрамя таго, што парушаны межы дапушчальнасці абмежавання свабоды асацыяцыі, пры гэтым яшчэ суд першай інстанцыі незаконна ўсклаў на Бяляцкага абавязак даказваць, што дзеянні пракуратур незаконныя, бо па Грамадзянска-працэсуальным кодэксе РБ, у гэтым выпадку законнасць дзеянняў павінны даказваць суд, які цалкам незаконна ўсклаў гэты абавязак на Бяляцкага. На жаль, касацыйная інстанцыя не пачула нашы довады, і рашэнне суда пакінута ў сіле”.
Еўрарадыё: Што гэтае папярэжанне значыць, да чаго яно можа прывесці?
Гулак: “Папярэджанне з’яўляецца санкцыяй і сведчыць аб тым, што дзяржаўныя органы, пракуратура можа распачаць супраць Бяляцкага пераслед па артыкуле 193. Таму гэта небяспечна, і тут зараз пытанне, на колькі яны гэта хочуь рабіць ці не хочуць. Абскарджваць гэтую пастанову суда можна, але гэта кампетэнцыя самога Бяляцкага. Я лічу, што гэтая пастанова суда не з’яўляецца законнай”. 

Фота: bohn.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі