Бацька скандальнай расіянкі: Яна з'ехала ў Расію!

Расіянка, якая білася з касцюковіцкімі супрацоўнікамі ДАІ, адбыла 3 сутак арышту. На п’яную дзяўчыну за рулём чорнага BMW склалі два пратаколы: за дробнае хуліганства і кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане. За дробнае хуліганства — лаянку і выбітае шкло міліцэйскага аўтамабіля — дзяўчына ўжо адсядзела трое сутак арышту і заплаціла прысуджаны судом штраф.

А вось у супраціўленні міліцыянерам дзяўчыну не вінавацяць і ў пратаколе пра гэта не ўзгадваюць, кажа Еўрарадыё начальнік мясцовага ДАІ Фёдар Пезкін.

Фёдар Пезкін: “Складзены адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства. І яна будзе прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Быў медыцынскі агляд, яна здала кроў і мы чакаем вынікаў аналізу”.

Дарэчы, першапачатковы медагляд паказаў, што ў крыві ў дзяўчыны ўтрымоўваецца 3 праміле алкаголю. Але яна з такім вынікам не пагадзілася, парвала даведку медагляду і сама прапанавала здаць кроў на аналіз.

Матэрыялы справы расіянкі з беларускім відам на жыхарства для далейшага разбіральніцтва перадавацца ў суд не будуць: рашэнне вынесе сам начальнік мясцовай ДАІ.

Фёдар Пезкін: “Разглядаць справу буду я. Ёй можа пагражаць пазбаўленне права кіраваць транспартным сродкам на тры гады і штраф. Што тычыцца штрафу, то будзем глядзець, як і што, на яе паводзіны — калі чалавек ўсё ўсвядоміў. Карацей, рашэнне будзе прымацца падчас разгляду адміністрацыйнага матэрыялу. Тады стане бачна: колькі, як і што. А так сказаць, на колькі яна будзе пакараная, я не магу. Але што будзе пазбаўленая на тры гады — гэта дакладна”.

Правы ў дзяўчыны расійскія. Але вярнуцца ў суседнюю краіну і звярнуцца па новае пасведчанне кіроўцы, заявіўшы, да прыкладу, аб крадзяжы дакументаў, яна не зможа. Паводле словаў Пезкіна, усю інфармацыю аб парушэнні і вынесеным пакаранні яны перададуць расійскім калегам.

Што тычыцца машыны, на якой нецвярозая дзяўчына раз’язджала па Касцюковічах, то яе са штрафстаянкі гаспадыня забрала ўжо на наступны дзень.

Фёдар Пезкін: “Машына адразу была на штрафстаянцы. Але калі чалавек працверазеў, а ў яе няма паўторных парушэнняў ці якіх крымінальных спраў, то мы па патрабаванні ўладальніка абавязаныя аддаць машыну”.

Што ж тычыцца занадта “мяккага” затрымання парушальніцы, то, кажа начальнік ДАІ, яго падначаленыя не маглі паводзіць сябе з жанчынай інакш — яны культурныя і інтэлігентныя людзі.

Фёдар Пезкін: “Кажуць, што мякка абышліся... Ну, усё ж такі жанчына — хацелі, каб усё было як мага лепш. Гэта ж не мужчына які-небудзь. Вы ж разумееце: жанчына ёсць жанчына. Узяць чалавека і выцягнуць сілком з машыны? Трэба ж таксама ставіцца па-людску. А раптам бы чалавек ўсё зразумеў і ўсё было б нармальна — ён сам выйшаў бы. Яны не грубілі, нічога там такога...”

Калі будзе разглядацца справа парушальніцы, начальнік ДАІ сказаць не здолеў. Адзначае, што ўсё будзе залежыць ад таго, калі прыйдуць вынікі аналізу крыві. Але да гэтага часу ёй у любым выпадку з’язджаць з Касцюковічаў не дазволена.

Еўрарадыё адшукала бацьку дзяўчыны, які жыве ў Касцюковічах. Але пагаварыць з ёй не атрымалася – нягледзячы на тое, што канчаткова разгляд яе справы не завершаны, скандальная расіянка з’ехала дадому. Чаму дзяўчына так паступіла, бацька не ведае. Па яго словах, яна нават не распавяла, ці лёгка яна перажыла трое сутак арышту ў міліцэйскім ізалятары.

Але па словах Фёдара Пезкіна, дзяўчына мусіць прысутнічаць пры вынясенні ёй пакарання за кіраванне аўто ў нецвярозым стане. І запэўніў, што яна да гэтага часу знаходзіцца ў Касцюковічах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі