Як аформіць дакументы на "карту паляка"? Адказы на самыя частыя пытанні

Беларусам усё складаней пацвярджаць свае "польскія карані"

Беларусам усё складаней пацвярджаць свае "польскія карані" / @rubanau_collage

"Карту паляка" аформілі сабе ўжо 140 тысяч грамадзян Беларусі — 1,5% ад усіх жыхароў краіны. Нягледзячы на напружанасць у беларуска-польскіх адносінах, яна застаецца адносна простым і надзейным інструментам легалізацыі ў Польшчы.

Гэта раздражняе беларускія ўлады, якія пасля 2020 года актывізавалі пераслед польскай меншасці. Людзей прымушаюць пад пагрозай пакарання інфармаваць МУС аб наяўнасці "карты паляка" ці нават адмовіцца ад яе, каб захаваць працоўнае месца.

Як сёння выглядае працэс атрымання "карты паляка" для беларусаў, якія для гэтага патрабуюцца дакументы, ці можна аформіць КП у Беларусі, з якімі праблемамі найчасцей сутыкаюцца заяўнікі? Пра гэта Еўрарадыё пагутарыла з Захарам П., дырэктарам кампаніі "Shukaj Radzimu" з Познані.

 

Еўрарадыё: Як шмат беларусаў імкнецца сёння аформіць "карту паляка"?

Захар П.: Мы назіраем пастаяннае павелічэнне колькасці ахвотных. За апошнія два гады мы заключылі больш за 400 дамоваў на паслугі. Гэта значыць, у сярэднім амаль кожны працоўны дзень хтосьці прыходзіць.

Как оформить документы на “карту поляка”? Ответы на самые частые вопросы
Карты паляка / kurierwilenski.lt

Многія беларусы, калі прыязджаюць у Польшчу і разумеюць, якія перавагі дае КП, пачынаюць шукаць польскія карані. Прыходзяць такія звароты і ад беларусаў, якія выехалі ў Літву, Грузію, Казахстан.

Еўрарадыё: Як сёння атрымаць "карту паляка", калі знаходзішся ў Беларусі?

Захар П.: Ніяк. Магчымасць яе атрымання ў Беларусі прыпыненая з 2020 года.

У выключных выпадках на КП могуць падацца асобы старэйшыя за 65 гадоў. Улетку 2023-га падаваліся 17-гадовыя студэнты. Як будзе сёлета — невядома.

Еўрарадыё: А як гэтая працэдура выглядае ў іншых краінах?

Захар П.: У Польшчы КП можна атрымаць у кожным ваяводстве. Для гэтага трэба запісацца ў муніцыпалітэце (ва "ужонде"), у аддзеле для замежных грамадзян.

Калі гаворка ідзе пра іншыя краіны, то можна падаць заяву ў консульства Польшчы. Але пры гэтым неабходна мець від на жыхарства той краіны, у якой знаходзішся. Напрыклад, з ВНЖ Літвы можна падацца ў польскае консульства ў Вільні, а з ВНЖ Грузіі — у Тбілісі. Правілы падачы могуць адрознівацца, удакладняць іх трэба ў сакратарыяце консульства.

Еўрарадыё: А далей заяўку ўсё роўна будуць разглядаць у Польшчы? Можа, прасцей тады на падставе тых жа дакументаў адразу падавацца на польскае ПМЖ, што называецца, "па каранях"?

Захар П.: Від на жыхарства "па каранях" можна аформіць толькі пры наяўнасці пасведчання аб нараджэнні савецкага ўзору. Акрамя гэтага, сумоўе "па каранях" таксама праводзіцца, як і ў выпадку з КП. Але яно складаней і доўжыцца да 4 гадзін. І нярэдкія выпадкі адмоваў. А пры падачы на від на жыхарства па "карце паляка" з адмовамі мы яшчэ не сутыкаліся.

Еўрарадыё: Хто можа прэтэндаваць на КП і якія дакументы неабходна падаваць?

Захар П.: Згодна з законам, прэтэндаваць можа любы чалавек, здольны пацвердзіць польскае паходжанне сваіх сваякоў да другога калена. То-бок, калі вашая бабуля, дзядуля ці прабабуля і прадзядуля мелі польскае паходжанне, значыць, і вы можаце на яго прэтэндаваць.

Еўрарадыё: Але любы дакумент можна падрабіць. Наколькі распаўсюджанае махлярства з атрыманнем КП і наколькі скурпулёзна польскія ўлады правяраюць пацвярджальныя дакументы?

Захар П.: Да нас звярталася некалькі чалавек з пытаннем аб магчымасці атрымання КП без неабходных дакументаў. Мы пазбягаем такой практыкі.

Што тычыцца падробкі дакументаў, то дастаткова ўбіць у пашукавіку запыт "карта паляка без каранёў"— і вы знойдзеце процьму сайтаў, якія прапануюць падобныя "паслугі".

Падчас праверкі дакументаў палякі выкарыстоўваюць абсталяванне, якое добра адрознівае падробкі. Наступствы — у лепшым выпадку дэпартацыя з забаронай уезду, у горшым — крымінальная справа. Усе дакументы праходзяць праверку не толькі пры падачы на КП, але і пры далейшай падачы на від на жыхарства.

Еўрарадыё: Ці бяспечная працэдура запісу ў польскае консульства?

Захар П.: У Беларусі сёння можна запісацца толькі на падаўжэнне КП. Бяспека пры запісе ў консульства прадугледжваецца польскімі дзяржорганамі.

Еўрарадыё: Ці варта сёння паведамляць, што ў цябе ёсць "карта паляка"? Што за гэта могуць зрабіць у Беларусі?

Захар П.: Наколькі нам вядома, калі ўладальнік КП не паведаміць пра яе дзяржаве, сілавікі пра яе і не даведаюцца. Гэта дакумент іншай краіны, які не мае ніякага дачынення да Беларусі.

Доступу да польскай базы ўладальнікаў КП у МУС няма. Менавіта таму яно просіць паведамляць аб наяўнасці КП у добраахвотным парадку.

Прыклады рэпрэсій, вядомыя нам, нешматлікія, але яны ёсць. Напрыклад, у выкладчыка адной з гімназій ужо шмат гадоў ёсць КП, але ён баіцца ездзіць па ёй. А аднаму работніку выканкама прапанавалі адмовіцца ад КП, прыстрашыўшы скасаваннем кантракту.

Еўрарадыё: Якія цяжкасці сёння існуюць для людзей, якія прэтэндуюць на КП у Польшчы?

Захар П.: Цяжкасцяў хапае. Па-першае, ва ўсіх муніцыпалітэтах дзейнічаюць розныя патрабаванні да дакументаў. Муніцыпалітэт у Бялай-Падлясцы прымае толькі пасведчанні аб нараджэнні, якія змяшчаюць графу з нацыянальнасцю. Яшчэ можна прэтэндаваць па КП аднаго з бацькоў. Іншыя дакументы з польскай нацыянальнасцю не прымаюцца.

У Беластоку, Аполе, Ольштыне, Гданьску і ў некаторых іншых гарадах муніцыпалітэты прымаюць розныя тыпы дакументаў, у якіх указваецца польская нацыянальнасць: архіўныя копіі і даведкі, пасведчанні аб нараджэнні, пашпарты, гаспадарчыя кнігі, справы рэпрэсаваных і іншыя.

Узнікае пытанне — чаму патрабаванні да дакументаў адрозніваюцца, калі Закон аб КП для ўсіх муніцыпалітэтаў адзін? У выніку ствараецца ажыятаж сярод прэтэндэнтаў, і, напрыклад, у муніцыпалітэт у Беластоку выстройваюцца вялізныя чэргі.

Па-другое, з восені мінулага года патрабуюць апастыль для архіўных даведак, выдадзеных за межамі Польшчы. Для беларусаў гэта стала праблемай, бо апастыляваць дакументы ў Беларусі можна толькі асабіста або па даверанасці. Многія не могуць паехаць у Беларусь з меркаванняў бяспекі, а даверанасці беларускія консульствы больш не выдаюць.

Можам прывесці наш апошні прыклад: да нас звярнуўся чалавек, які пражывае на Кіпры з ВНЖ. Маючы ўсе пацверджанні польскай нацыянальнасці, ён вырашыў падацца на КП у польскім консульстве. Яму адмовілі ў прыёме, спаслаўшыся на тое, што ўсе дакументы павінны быць апастыляваныя, што, увогуле, супярэчыць Закону аб Карце паляка. І назваць гэтыя патрабаванні законнымі нельга.

Усе гэтыя і іншыя праблемы вырашыць могуць толькі польскія чыноўнікі. Мы ж як польская кампанія, якая прафесійна займаецца пытаннямі КП, гатовыя прыняць у гэтым удзел і аказаць усю неабходную дапамогу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі