Долар ужо з'явіўся ў некаторых абменніках па 9 тысяч

110914 Rugajn Valuta.mp3

Пра гэта 14 верасня паведаміў намеснік старшыні Нацбанка Тарас Надольны.


"Мяркуем, што нават нязначны аб'ём прапановы здольны сёння змяніць сітуацыю і трэнд курса будзе накіраваны ўніз. Курсы вар'іраваліся, мне падаецца, больш правільна казаць пра той раўнаважны, якога сёння дасягнулі. Па долары - 8600".


Адразу пасля гэтага камерцыйныя банкі пачалі выстаўляць курс куплі ад 8000 да 8500 рублёў, а продаж у некаторых банках дасягнуў 10 тысяч. Але ў сярэднім банкі прадаюць долар па 9 тысяч рублёў, купляюць жа па 8500. Еўра купляюць па 10500-11700, прадаюць па 12-13 тысяч. Расійскі рубель банкі купляюць за 270, прадаюць за 320.


Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра "Альпары" ў Мінску Вадзім Іосуб кажа, што гэты курс будзе больш-менш трывалым. Менавіта па такіх коштах у абменніках неўзабаве можа з’явіцца валюта. Па прагнозе эксперта — да канца тыдня. Іосуб:

"Можна меркаваць, што хістанні будуць як уверх, так ўніз. Але, хутчэй за ўсё, нязначныя — магчыма, у межах 100 рублёў. Я лічу, што калі не сёння-заўтра, дык, хутчэй за ўсё, у пачатку наступнага тыдня валюта ў абменніках будзе. А можа, калі банкі зарыентуюцца хутчэй, то валюта з'явіцца на гэтым тыдні".


Курс долара, які ўсталяваўся на біржы, амаль супаў з курсам на міжбанку і чорным рынку і аказаўся не такі высокі, як прагназавала большасць экспертаў. На думку фінансавага аналітыка Сяргея Чалага, Нацбанку пашанцавала.


"Тут проста пашанцавала Нацбанку, што ўсё гэта здарылася ў той момант, калі на “чорным рынку” курс сам пачынаў зніжацца. Таму тут у нейкай ступені пашанцавала з выбарам часу. Па вялікім рахунку, можна чакаць, што курсы, устаноўленыя ў выніку ў камерцыйных банках для наяўнай валюты, вельмі блізкія і вельмі канкурэнтныя ў адносінах да тых курсаў, якія былі на вядомым сайце [Prokopovi.ch. — Заўв. Еўрарадыё]".


Калі ўлады не адменяць свайго рашэння і не вернуцца да механізма адміністратыўнага размеркавання, то роля чорнага рынка і сайта Prokopovi.ch будуць паціху змяншацца але адразу яны не знікнуць, дадае эксперт.


На думку аднаго з афіцыйных лідараў беларускіх прадпрымальнікаў Уладзіміра Карагіна, курс будзе зніжацца. Праз паўтара-два месяцы долар у абменніках можна будзе набыць па “рэальным” курсе ў 4000 рублёў.


Карагін: “Маё меркаванне — добра, што сёння гэтыя таргі прайшлі, што мы ўжо маем кропку для ацэнкі рынкавага кошту долара ў Беларусі. Хаця, думаю, што гэта першая такая праца. Яна дае арыенціроўку. Перакананы, што рэальны курс значна ніжэйшы. Найбольшы кошт долару, пра што кажуць глыбокія нашы даследаванні, наўрад ці перавышае 4000 рублёў”.


Між тым, на асноўнай сесіі курс долара склаў 5 355 рублёў. Па такім курсе беларускія прадпрыемствы будуць купляць валюту на аплату паліва і сацыяльныя мэты. А ў некаторых абменніках людзі ужо цяпер 14 верасня набываюць долары па курсе 9-10 тысяч беларускіх рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі