"Майнкапф" для самых маленькіх. Як даносы ў КДБ душылі беларускую культуру

"Неабыякавыя" грамадзяне на службе рэжыму

"Неабыякавыя" грамадзяне на службе рэжыму / @rubanau_collage

Джазмен і спартыўны трэнер Павел Аракелян знайшоў у злітай базе зваротаў у КДБ данос на сябе. Дакумент падпісаны Яўгенам Уладзіміравым гэтак жа завуць вядомага мінскага арганізатара джазавых канцэртаў. Даносчык называе Аракеляна "ілжэдзеячам культуры, так званым джаз-саксафаністам".

Аракелян не адзіны музыка, на якога "пільныя грамадзяне" данеслі сілавікам. Расказваем, з кім яшчэ з беларускіх артыстаў і літаратараў канкурэнты разбіраліся з дапамогай КДБ.

Варожасць да палякаў і рускіх

Віктар Л. з горада Таштагол Кемераўскай вобласці не паленаваўся напісаць сілавікам скаргу на беларускага пісьменніка Анатоля Тараса. Расіяніна абурыла кніга "Анатомия ненависти. Русско-польские конфликты в ХVIII — ХХ вв.", якую ён папрасіў праверыць на экстрэмізм.  

"Лічу, што неабходная закупка выдання, экспертыза тэксту кнігі экспертам на прадмет выяўлення наяўнасці альбо адсутнасці прыкметаў узбуджэння ў чытачоў нянавісці і варожасці паводле нацыянальнай прыкметы (да палякаў і рускіх), згодна з арт. 130 КК РБ. Акрамя таго, пры наяўнасці прыкметаў экстрэмізму магчымае прымяненне артыкула 17.11 КоАП РБ (выраб, распаўсюд або захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) да аўтара, выдавецтва і распаўсюдніка, прычым не толькі матэрыялаў, уключаных у адпаведны спіс. Прашу адказаць па выніках праверкі", — напісаў скаржнік вясной 2016 года.

Праз шэсць гадоў экстрэмісцкімі былі прызнаныя іншыя кнігі Тараса — "Краткий курс истории Беларуси IX — XXI веков" і "Беларусь на раздарожжы". А вось пра "руска-польскія канфлікты" такіх навін не было.

"Прэзідэнта называюць нелегітымным" 

Восенню 2020 года скаржнікам не дагадзіў Рэспубліканскі музычны каледж пры БДАМ. Мінчук Іван данёс на групу ўстановы ў фэйсбуку.

"Брудны рот і паклёп на Беларусь"

У жорны рэпрэсій трапіла і былая прыхільніца Лукашэнкі спявачка Анжаліка Агурбаш. На яе напісаў заяву Сяргей Ш. з пасёлка Энергетыкаў.

"Звярніце, калі ласка, [увагу] на гэтую спявачку!!! У яе канцэрт 17.10.2020 г., можна неяк забараніць ёй выступаць у РФ за яе брудны рот і паклёп на Беларусь!!! Калі можна, дайце адказ на электронную пошту, што вы прынялі заяву".

Цяпер Агурбаш жыве ў Расіі. Пасля 2020-га яна злёгку пераабулася і цяпер крытыкуе дэмакратычныя сілы і незалежныя СМІ Беларусі. Зрэшты, гэта не ратуе яе ад нападак з боку чыноўнікаў Лукашэнкі.

"Канцэрт з удзелам антыўрадавых нацыяналістычных гуртоў"

Беларускі рок з нацыянальнымі матывамі не падабаецца не толькі цэнзарам з Мінкульта, але і Паўлу М. Беларус вясной 2016 года напісаў данос на гродзенскі фолк-панк гурт "Дзецюкі".

"Нядзельныя чытанні "Майнкапф" для самых маленькіх"

Жыхар Гомеля Дзмітрый К. доўга прыглядаўся да бясплатных курсаў беларускай мовы "Мова Нанова", але напісаў на яе арганізатараў данос толькі летам 2016 года, калі быў зняты ютуб-кавер на песню гурта Brutto "Родны край" з дзецьмі ў якасці выканаўцаў.

"Адкрытая прапаганда экстрэмізму, выхаванне моладзі ў духу нацыяналізму і нецярпімасці да нашай гісторыі і спадчыны продкаў. Не аднойчы імі праводзіліся сустрэчы, завуаляваныя пад творчыя, з рознымі вельмі правымі і нацыяналістычнымі "артыстамі" і дзеячамі. Вельмі часта яны дзейнічаюць пад прыкрыццём розных афіцыйных структураў культуры. Напрыклад, у Гомелі яны ўдала замацаваліся ў філіяле Веткаўскага музея і прывольна сябе там адчуваюць. Цяпер гэтае відэа, узяліся за дзяцей малых, распяванне песняў гурта, якая адкрыта выказвае свае сімпатыі фашысцкаму рэжыму на Украіне. Што далей? Нядзельныя чытанні "Майнкапф" для самых маленькіх?? Прашу разабрацца паводле гэтай просьбы".

Кліп "Родны край" (cover Brutto) / "Мова Нанова"

Летам 2021 года Мінскі райвыканкам ліквідаваў юрыдычную асобу "Мова Нанова". Фармальнай падставай была названая выяўленая пракуратурай на сайце "незарэгістраваная сімволіка" і лагатып тэлеканала "Белсат".

"Прапаганда гомасексуалізму"

Сярод 40 тысяч заяваў можна адшукаць чатыры даносы, напісаныя вясной і летам 2021 года на мінскі клуб "Бруге". Мяркуючы са стылю зваротаў, пад маскай некалькіх жыхароў дамоў, суседніх з тусовачным месцам, хутчэй за ўсё, выступіў адзін і той жа ананім. Даносы ён падпісваў як Ігар П., Аляксандр Г. і Аляксей А.

Мужчыну раздражняла "абдубашаная моладзь" і рэклама ўстановы, "у якой была гей-сімволіка, падрываліся асновы ідэалагічнай і выхаваўчай працы ў РБ, прапагандаваўся гомасексуалізм".

Канцэртная пляцоўка, адкрытая ў 2015 годзе, прыпыняла працу ў 2020 годзе на хвалі каранавіруса. У мінулым снежні яе планавалі прадаць за 20 тысяч долараў. Але гэтай вясной "Бруге" працягнуў працу ўсім гамафобам на злосць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі