Журналіста-расследвальніка Аляксея Карпеку завочна ўзялі пад варту
Аляксей Карпека / фота з яго акаўнту ў Фэйсбуку
Журналіста расследавальніцкага выдання "Бюро" Аляксея Карпеку завочна ўзялі пад варту. Такое рашэнне было прынятае ў рамках крымінальнай справы, якая расследуецца супраць яго ў Беларусі.
Сам журналіст некалькі гадоў жыве па-за межамі Беларусі.
У сваіх сацсетках Карпека апублікаваў фрагмент дакумента:
"Інфармаваць Карпеку А. Л. аб яго працэсуальным становішчы па крымінальнай справе, у прыватнасці аб тым, што ён абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і ў дачыненні да яго прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту".
Згаданы ў дакуменце ч. 3 арт. 361-1 КК азначае "ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні". Гэта даволі традыцыйная для беларускіх уладаў фармулёўка ў іх барацьбе з апанентамі і для пераследу іншадумства ў цэлым.