Ордар МКС не мае тэрміну даўнасці і дзейнічае бестэрмінова — Дзяйкала

Міжнародны крымінальны суд

Міжнародны крымінальны суд / АР

"Ордар МКС не мае тэрміну даўнасці і, будучы аднойчы выдадзеным, застаецца ў сіле бестэрмінова. Сітуацыю нельга адкаціць назад па неправавых меркаваннях, прасцей кажучы — ордарам цяжка гандляваць". Так юрыстка Кацярына Дзяйкала, спецыялістка па міжнародным праве, пракаментавала паведамленне, што Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне супраць Лукашэнкі.

Дзяйкала адзначае, што МКС яшчэ не выдаў ордар. І да транзіту ўлады ў Беларусі рэалізацыя такога ордару (калі яго выдадуць) выглядае малаверагоднай.

Аднак наяўнасць такога дакументу ўсё адно будзе ўплываць на сітуацыю. "Сам факт пэўных юрыдычных дзеянняў у дачыненні да меркаваных злачынцаў і, тым больш, вышэйшых службовых асоб – праява сатысфакцыі як формы кампенсацыі шкоды. І гэта мае вялікае значэнне для ахвяр. Асабліва ва ўмовах, калі мы не маем магчымасці запусціць паўнавартасныя працэсы ўнутры краіны і вельмі абмежаваныя ў інструментах", — адзначае Дзяйкала.

Таксама яна кажа, што ордар можа не толькі аказваць псіхалагічны ціск на рэжым, але і стаць адным з фактараў расколу ўладных элітаў:

"Ордар усё адно дзейнічае, і гэта стварае пастаянную патэнцыйную магчымасць/пагрозу арышту, а такім чынам псіхалагічны ціск. А таксама можа мець унутраныя і знешнія палітычныя наступствы. Не буду прыкідвацца палітычным аналітыкам, але скажу пра ўнутраную сітуацыю толькі адну рэч. З аднаго боку, наяўнасць дзейнага ордара, выдадзенага на самога Лукашэнку ці на вышэйшых сілавікоў, пры пэўных абставінах (!) можа служыць адным з фактараў расколу элітаў. Гэта інструмент для сённяшніх паплечнікаў, якія збіраюцца стаць учарашнімі. З іншага боку, улічваючы наколькі іх бяспека залежыць ад яго бяспекі (прынамсі яны так думаюць) — гэты варыянт не асабліва верагодны. У любым выпадку, улічваючы тое, што Лукашэнка і так заўсёды вельмі старанна сочыць за сваім асяроддзем і ўвесь час яго ператрасае, думаю, яго параноя ўзмоцніцца як мінімум. Абмежаваная магчымасць паездак, думаю, для яго таксама мае значэнне".

На мінулым тыдні стала вядома, што Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда пачаў расследаванне супраць беларускага рэжыму за злачынствы супраць чалавечнасці. Ініцыятарам справы выступіла Літва.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.