Крымскі мост у 2022-м узарвалі з дапамогай цвёрдага ракетнага паліва

Наступствы выбуху на Крымскім мосце 8 кастрычніка 2022 года

Наступствы выбуху на Крымскім мосце 8 кастрычніка 2022 года / AFP / Scanpix

Крымскі мост у 2022-м узарвалі з дапамогай цвёрдага ракетнага паліва. Пра гэта сведчаць вынікі выбухатэхнічнай экспертызы, праведзенай у Расіі, піша "Коммерсант".

Выбух 8 кастрычніка 2022 года разбурыў два пралёты аўтамабільнай часткі Крымскага моста і падпаліў цыстэрны ў грузавым цягніку (ён апынуўся побач на чыгуначнай частцы моста ў момант выбуху). Следчы камітэт РФ пацвярджае, што яго арганізавала Служба бяспекі Украіны. У матэрыялах расследавання больш за 100 тамоў.

Эксперты прыйшлі да высновы, што ў якасці асноўнага зарада выкарыстоўвалася выбуховае рэчыва на аснове цвёрдага ракетнага паліва (а не прамысловая выбухоўка). Магутнасць гэтага зарада ацанілі прыкладна ў 10 тон трацілу. Дэтанатарам была маленькая выбуховая прылада, зараджаная пластытам. Яна спрацавала ад сігналу GPS-навігатара ў зададзеным пункце маршруту грузавіка, які вёз груз. Цвёрдае ракетнае паліва і дэтанатар былі ў рулонах плёнкі.  

У Расіі сцвярджаюць, што груз вагой амаль 23 тоны дастаўляўся з Украіны (з Адэсы) праз Балгарыю ў Грузію, пасля — ў Арменію, дзе падмянілі частку дакументаў. Далей яго зноў увезлі ў Грузію, а адтуль — у Расію (складаныя перамяшчэнні былі неабходныя для таго, каб аслабіць увагу да грузу сілавікоў). З Армавіра кіроўца павёз рулоны ў акупаваны расіянамі Крым. Паводле дакументаў яго адправіла фірма з Ульянаўска іншай фірме ў Сімферопаль. Кіроўца-расіянін загінуў падчас выбуху.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі