Выйшла на волю палітзняволеная Таццяна Пыцько

Таццяна Пыцько

Таццяна Пыцько / baj.media

Выйшла на волю палітзняволеная Таццяна Пыцько, паведамляе baj.media. Яна правяла ў віцебскім СІЗА амаль паўгода. 

Пыцько — жонка віцебскага відэааператара-фрылансера, палітзняволенага Вячаслава Лазарава. Яе затрымалі ў пачатку лета, распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса ("стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім") за дапамогу мужу (ён ужо 4 месяцы знаходзіўся ў віцебскім СІЗА). 25 верасня 2023 года Таццяна Пыцько была асуджана на 3 гады пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі агульнага рэжыму. Такі вырак вынес суддзя Віцебскага абласнога суда Яўген Буруноў.

Жанчына абскардзіла гэты прысуд у вышэйшую судовую інстанцыю. 22 лістапада 2023 года калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда перакваліфікавала склад злачынства. Суддзя Юрый Руткоўскі прызнаў Таццяну Пыцько вінаватай паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса і пастанавіў прысудзіць ёй 3 гады зняволення, але з адтэрміноўскай пакарання на тры гады.

Пыцько маглі выпусціць на волю ў той самы дзень, але ў віцебскім СІЗА чакалі дакументаў з Вярхоўнага суда. Атрымаўшы іх, Таццяну Пыцько вызвалілі ў пятніцу.

Адтэрміноўка выканання пакарання на тры гады азначае, што жанчына будзе пад адмысловым наглядам.

На момант затрымання Пыцько была ў адпачынку па даглядзе за дзіцём — гадавала агульную з Вячаславам Лазаравым дачку, якой тады было 1 год і 1 месяц. Дзяўчынку забралі супрацоўнікі сацыяльнай службы, яе спачатку змясцілі ў дзіцячую абласную лякарню, потым дзіця змаглі забраць пад апеку сваякі Таццяны. Дваіх яе дзяцей ад першага шлюбу даглядае іх родны бацька.

Лазараў па-ранейшаму знаходзіцца ў віцебскім СІЗА-2, ён чакае адпраўкі на месца адбыцця прысуджанага пакарання. Ён мае адбыць за кратам 5 гадоў у калоніі агульнага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі