Ярмошына паабяцала "ліберальныя выбары" ў парламент

Будучыя выбары ў Палату прадстаўнікоў будуць не менш ліберальныя за прэзідэнцкія і нашмат больш свабодныя за папярэднія выбары ў парламент. Пра гэта Еўрарадыё заявіла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Лідзія Ярмошына: “Выбары парламенцкія будуць вельмі адрознівацца ад папярэдніх. Бо на іх з’явіцца тое, што было і падчас прэзідэнцкіх выбараў: і асабістыя фонды кандыдатаў, і магчымасць вядзення дэбатаў, і заяўленчы парадак правядзення масавых мерапрыемстваў. Усе тыя ліберальныя падыходы застануцца, яны нікуды не падзенуцца — яны будуць ужывацца і падчас правядзення парламенцкіх выбараў”.

Наколькі актыўна грамадзяне будуць вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты, старшыня ЦВК сёння прадказаць не бярэцца. Але выказвае меркаванне, што такіх жадаючых, далёкіх ад выканаўчай улады, “Белай Русі” ці БРСМ, будзе даволі шмат.

Еўрарадыё пацікавілася, ці не адаб’юць у людзей ахвоту балатавацца падзеі, якія адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Еўрарадыё: “Праваахоўныя органы вельмі актыўныя апошнім часам. Ці не застрашыць гэта людзей? Ці не будзе думак: “Навошта звязвацца з гэтымі выбарамі, а потым невядома што чакаць”?

Лідзія Ярмошына: “А што ў праваахоўных органах не так?”

Еўрарадыё: “Я не кажу, што ў іх нешта “так” ці “не так”. Я кажу, што яны вельмі актыўныя”...

Лідзія Ярмошына: “Яны актыўныя таму, што яны расследуюць злачынства, яны абавязаныя гэта рабіць. І да выбараў гэта ніякіх адносінаў не мае. Абсалютна!”

Калі дакладна будуць парламенцкія выбары, пакуль не вызначана. Але папярэдне — яны мусяць прайсці ў 2012 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі