Радзівілы пажылі ў Нясвіжскім замку... без гарачай вады (фота)

111010 Zybliuk Radzivily.mp3

Эльжбета Радзівіл ў пяты раз за апошнія тры гады наведала Беларусь. Гэтым разам яна прыехала ў родны Нясвіж пад восень — за колькі тыдняў да ўласнага 94-годдзя. Як і заўжды, галоўным аб’ектам яе цікавасці быў сямейны замак, які яна дасканала запомніла з часоў свайго бацькі, Альбрэхта Радзівіла, перадапошняга Нясвіжскага ардыната.

Рэстаўратары баяцца пані Эльжбеты як агню — вось і гэтым разам кіраўнік рэстаўрацыі Сяргей Друшчыц пазбег сустрэчы з князёўнай. Бо яна заўжды кажа, што думае. І часцей за ўсё заўвагі палягаюць у плоскасці “гэтага не было”, “гэта было не так”, “так быць не магло ўвогуле”. Таму экскурсію па замку для Эльжбеты Радзівіл праводзіў новы дырэктар Сяргей Клімаў, які праславіўся тым, што слаба разбіраецца ў Радзівілах, а сябе называе “антыкрызісным менеджарам”.

“Антыкрызісны менеджар” запрасіў пані Радзівіл разам з пляменнікамі пажыць некалькі дзён у замку (зразумела, бясплатна — і цяпер, і заўсёды пасля). Пры тым, што там яшчэ… няма гарачай вады! У выніку, князі Мацей і Мікалай начавалі ў замку, а памыцца ездзілі за 14 кіламетраў у гатэль у Гарадзеі. А вось сама пані Эльжбета з такімі побытавымі ўмовамі жыць адмовілася. Версія “для прэсы” выглядала, аднак, больш дыпламатычна.

Эльжбета Радзівіл: “У гатэлі ў замку мне будзе цяжка жыць, бо такія лесвіцы, што немагчыма проста. Вельмі крутыя яны для мяне, немагчымыя”.

Эльжбета Радзівіл у свае 93 гады заўсёды знаходзіць сілы прыехаць у родны Нясвіж

Але гатэльныя нумары, куды коратка зазірнула пані Эльжбета, спазналі долю крытыкі.

Эльжбета Радзівіл: “Лічу, што гэта каласальная памылка — зрабіць там такую агромністую ванну. Сучасную, трохвугольную — гэта не пасуе да замку! Я ў такую трохвугольную ванну не ўвайду ніколі ў жыцці, барані Божа!”

Пасля агляду замка пані Эльжбета дала кароткія заўвагі да пабачанага.

Эльжбета Радзівіл: “Што да інтэр’ераў замка — замнога золата. У часы майго бацькі ўсярэдзіне не было столькі размаляванага золатам, не было!”

Кожны раз пані Эльжбета робіць заўвагу, да якой кожны раз не прыслухоўваюцца. Мінулым разам яна так і спыталася рэстаўратараў: “Па-вашаму, Радзівілы ў туалет на двор хадзілі?” Бо цяпер туалеты ў замку засталіся толькі ў гатэлі і ўнізе — для турыстаў. Пакоі князя, князёўны, іншыя залы, якія раней былі жылыя, прыбіральняў пазбавіліся. Зруйнавалі туалет і каля пакоя, дзе раней жыла сама пані Эльжбета.

“Туалеты, якія былі, прыбралі! Няма! Чаму!? У цэлым замку не засталося ніводнай прыбіральні, але ж яны былі!” — здзіўляецца князёўна.

Іншы заўсёдны боль і трывога князёўны — “ідыёцкая цыбуліна”, як яна сама называе новы купал на замкавай вежы. Яго ўжо нават прынялі рашэнне змяніць, але не сабралі яшчэ патрэбную суму грошай. Гэтым разам да “ідыёцкай цыбуліны” дадалася і яшчэ адна маленькая вежа замка, да якой таксама вырабілі памылковы купал.

Эльжбета Радзівіл: “З боку валоў у замку ёсць маленькая вежа, дзе яны змянілі дах і зрабілі абсалютна іншую форму купалу, якая не пасуе, выглядае недарэчна! Было ладна, а цяпер гэта выглядае глупствам!”

Ва ўсім замку князёўну здорава напружылі “недарэчныя гардзіны на вокнах”. Яна ўпарта спрабавала патлумачыць рэстаўратарам, што “нам у вокны ніхто не заглядаў, таму гардзіны былі непатрэбныя”. Паводле ўспамінаў князёўны, толькі ў спальнях вокны затуляліся на ноч — драўлянымі жалюзі.

Эльжбета Радзівіл: “Увогуле, фіранак не было ў мае часы. Замак не патрабуе фіранак, гэта такая архітэктура, куды не пасуюць фіранкі! Былі драўляныя жалюзі, якія складваліся да сценаў. Увогуле, калі б у мяне спыталіся, я б усе інтэр’еры замка аднавіла за палову тых грошай, якія вы патрацілі. Патрацілі шалёна шмат непатрэбных грошай!”

Князёўна мяркуе, што шторы “вельмі прыгожыя, але абсалютна не пасуюць у замку”

Шторы сталі аб’ектам крытыкі ва ўсіх пакоях, бо раней іх “увогуле не было!”

Атрымаў заўвагу і дах касцёла, які цяпер рэстаўруюць. Ідэя рэстаўратараў — зрабіць купал з медзі, а схілы накрыць дахоўкаю. Князёўна супраць.

Эльжбета Радзівіл: “У мой час быў дах бляшаны, пафарбаваны ў чырвоны колер — такі колер, які я бачыла толькі ў Нясвіжы. А ідэя зрабіць дахоўку — барані Божа! Бо калі купал будзе з медзі, як можа астатні дах быць з дахоўкі?”

Крытыка пані Эльжбеты — вялікая праблема для рэстаўратараў. Жанчына не хоча нашкодзіць, бо з’яўляецца носьбітам Радзівілаўскага густу. Але найбольшая праблема — што яна памятае, як было насамрэч.

Замак робіцца ўсё больш “не такім”, якім быў у часы Радзівілаў, мяркуе дачка Альбрэхта Радзівіла.

Цяперашні купал вежы нагадвае капялюш!

На здымку 1937 года відаць, што дах быў зусім іншы

 

Зрэшты, яшчэ пару гадоў таму, у пачатку рэстаўрацыі, ён быў першапачатковай формы.

 

На перадваенным здымку відаць, што дах быў цалкам бляшаны, без дахоўкі. Колер, як прыгадвае пані Эльжбета, быў цёмна-чырвоны.

 

Цяпер бляшанку знялі, купал хочуць зрабіць медны, а схілы – з дахоўкі…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі