“Інтэграл” засвоіў вытворчасць мухабоек і грабляў

Незвычайны для вытворцы электронікі каталог прадукцыі размешчаны на сайце “Інтэграла”. Там ёсць мухабойкі, граблі, пілы і нават штопары. Еўрарадыё звярнулася па тлумачэнні на прадпрыемства.

“Гэта так званыя тавары народнага спажывання. Пабочны прадукт. Не асноўная наша прадукцыя. Рэшткі пластмасы, з якой мы сваё выпускаем. Перапрацоўваем і з іх робім мухабойкі”, — расказаў супрацоўнік гандлёвага дома “Інтэграла” Сяргей Рудзіч. Па яго словах, такая пабочная прадукцыя карыстаецца вялікім попытам. Набыць яе можна ў звычайных крамах. А некаторыя рэчы, такія як пілы, “Інтэграл” нават пастаўляе на экспарт у Расію.

“На жаль, за мяжу пакуль не адпраўляем. Але калі Расію лічыць замежжам, то так. У Расію ідзе больш спецыфічны тавар пілы, такога кшталту. Грабляў там, вядома, няма”.

Прадстаўнік “Інтэграла” адмовіўся раскрыць Еўрарадыё аб’ёмы вытворчасці мухабоек.

І як даведалася Еўрарадыё, у каталогу віцебскага прадпрыемства “Віцязь”, таксама з’явіліся… пластыкавыя вёдры і цэгла. “Яшчэ “Віцязь” робіць мэблю, медыцынскую тэхніку, прасы, чайнікі, мікрахвалёўкі і гэтак далей. Тэлевізары сваё аджываюць, вось і ўсё. Шукаем альтэрнатыўныя віды прадукцыі”, — кажуць у аддзеле продажу.

Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца будаўнічыя матэрыялы, выпушчаныя пад маркай прадпрыемства — разлятаюцца, як долары ў абменніках.

“Цалкам! Тратуарная плітка, бардзюрны камень. Набыць можна праз нашы філіялы. Але вось гэтую прадукцыю толькі ў Віцебску. У нас аддзел ёсць, які рэалізуе. Думаю, што і ў Расію таксама прадаем”.

Неўласцівыя профілю прадпрыемства пазіцыі каталогу можна знайсці і на сайце “МТЗ”. У камерцыйным аддзеле прадпрыемства Еўрарадыё патлумачылі, што лаўкі, малаткі і канцылярскія кнопкі “Мінскі трактарны завод” робіць выключна з клопатам пра людзей.

“Каб задаволіць попыт на тавары народнага спажывання. Калі на іх ёсць попыт, то мы займаемся і выпускам гэтай прадукцыі таксама. Нашы цэхі, нашы вытворчыя магутнасці дазваляюць выпускаць і гэтыя рэчы таксама”.

На МТЗ запэўніваюць, што асноўнай вытворчасці гэта не замінае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі