Чаму дырэктары "супраціўляюцца" прыватызацыі?

На пачатак ліпеня былі запланаваныя конкурсы па продажы акцый шасці прадпрыемстваў. І ніводзін з іх не адбыўся! Паводле словаў старшыні Камітэта па маёмасці Георгія Кузняцова, у гэтым вінаваты… “чырвоны” дырэктарат прадпрыемстваў.


Георгій Кузняцоў: “Мы пабачылі вельмі шмат праціўнікаў прыватызацыі ў нас. Найперш гэта дырэктары прадпрыемстваў, акцыі якіх выстаўленыя на продаж. Пры гэтым іх падтрымліваюць кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў. Але мы будзем ісці прама і не звяртаць увагу на іх папіскванне”.


Згодна з яго словамі, напалоханыя прыватызацый дырэктары “пачынаюць бударажыць калектывы, запалохваць супрацоўнікаў, зрываць конкурсы і аўкцыёны”. Такое адбылося з ААТ “Лідскія харчовыя канцэнтраты”, Баранавіцкай швейнай фабрыкай і гомельскім Камбінатам бытавога абслугоўвання “Элегант”.


Еўрарадыё прама запытала ў дырэктара ААТ “Лідскія харчовыя канцэнтраты” Мікалая Пякарскага, чаму ён так супраць прыватызацыі свайго прадпрыемства. Але шчырага адказу не атрымала. Кажа, хоча сваё меркаванне аб прыватызацыі пакінуць пры сабе.


Мікалай Пекарскі: “Адзінае: выклікае асцярогу выкуп дзяржаўнага пакета акцый піваварным заводам. У якога інтарэс — найперш да тэрыторыі. А так — усе нармальна паставіліся. У той жа час я разумею і кіраўнікоў. Бо змена ўласніка — гэта і змена галоўнага менеджара”.


Дарэчы, Мікалай Пякарскі мае акцыі свайго прадпрыемства, і “калі б далі годную за іх цану — прадаў бы”. Дырэктар не зусім разумее неабходнасць прыватызаваць менавіта іх арганізацыю — яна рэнтабельная, супрацоўнікі “атрымліваюць 1,5 мільёна заробку”.


Мікалай Пякарскі: “У канцэрне не ведаю дакладна, колькі прыватызаваных прадпрыемстваў, але, відаць, гэтая колькасць даволі вялікая. Вось такое рашэнне наконт нас прыняў Камітэт дзяржмаёмасці”.


Дырэктар гомельскага Камбіната бытавога абслугоўвання “Элегант” Аляксандр Чапурны таксама гаворыць, што ніякага супраціву прыватызацыі не было. Прадпрыемства таксама рэнтабельнае, з заробкам каля 900 тысяч рублёў.


Аляксандр Чапурны: “Ніхто нічога не бударажыць! Нашае жаданне досыць сціплае: мы хочам, каб замест аўкцыёну быў конкурс. З умовамі захавання профіля і калектыва. Мы знайшлі інвестара, які гатовы падтрымаць, — разлічыцца з дзяржавай, правесці мадэрнізацыю і дасць гарантыі калектыву, што той будзе працаваць”.


Найбольш заблытаная — сітуацыя з Баранавіцкай швейнай фабрыкай. Дырэктар Вячаслаў Берташ працуе на сваёй пасадзе толькі чатыры месяцы і вельмі абураны словамі старшыні Камітэта па маёмасці Георгія Кузняцова: “Яны прывыклі развальваць прадпрыемствы. Я прама скажу, яны панакралі крыху, і яшчэ хочуць акцыі прадаць”.


Вячаслаў Берташ гаворыць, што адстойвае інтарэсы дзяржавы, каб фабрыку не прадавалі за капейкі.


Вячаслаў Берташ: “26% акцый на аўкцыёне выстаўляецца дзяржавай за 2,4 мільярда. І дадатковая эмісія ўносіцца новым тэхналагічным абсталяваннем на 3,4 мільярда. Я чаму і напісаў ліст: калі летась (калі рабілі ацэнку фабрыкі — Еўрарадыё) 3,4 мільярда было — 1 мільён 200 тысяч долараў, то сёння гэтая сума складае каля 400 тысяч долараў. Я прасіў памяняць умовы конкурсу датычна дадатковай эмісіі”.


Але, як даведалася Еўрарадыё, больш за ўсё на фабрыцы, якая знаходзіцца ў самым цэнтры Баранавічаў, хвалююцца з-за таго, што новы гаспадар праз гадоў 5 яе зачыніць і зробіць на яе месцы дыскатэку. Ці пабудуе элітны шматкватэрнік.


Такім чынам, маем узаемныя абвінавачванні — не маем вінаватых, маем страхі — але прыватызацыі не было і няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі