Пачобут: Лепера называлі польскім Лукашэнкам

110810 Pa4iobut_site.mp3

Беларускія дзяржаўныя СМІ актыўна пішуць пра смерць польскага палітыка Анджэя Лепера. Ён, паводле версіі польскай пракуратуры, скончыў жыццё самагубствам. Але дзяржаўныя СМІ Беларусі звяртаюць увагу, што расследаванне гэтай смерці праводзіцца, нібыта, неналежным чынам і смерць гэтая вельмі загадкавая. Ці сапраўды ў смерці Лепера, "сябра Беларусі", так шмат загадак? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да журналіста "Газеты выборчай" Андрэя Пачобута.

Пачобут: Самагубства палітыка заўсёды выклікае пэўныя пытанні, але няма ніякіх падставаў сумнявацца ў тым, што ў Польшчы будзе праведзена расследаванне гэтай смерці і гэтае расследаванне высветліць, якія былі сапраўдныя прычыны гэтага самагубства. Падставаў для сумнення ў тым, што гэта самагубства, ніякіх няма.

Еўрарадыё: А чым увогуле лідар польскай партыі “Самаабарона” заслужыў такую вялікую ўвагу афіцыйнага Мінска?

Пачобут: Анджэй Лепер быў адзіным з нямногіх саюзнікаў беларускага рэжыму ў Польшчы. Ён шмат разоў прыязджаў у Беларусь, гэтыя яго прыезды выкарыстоўваліся беларускай прапагандай для таго, каб пераканаць грамадскую думку ўнутры краіны аб тым, што вось "выбары нармальныя ў Беларусі", "сістэма, пабудаваная ў Беларусі, яна вельмі паспяховая", што "ёсць на Захадзе людзі, якім яна падабаецца" і г. д. Карацей, гэта быў чалавек, якога выкарыстоўвала беларуская прапаганда. Ён прыязджаў у Беларусь, яго паказвалі ў дзяржаўных СМІ, але нельга сказаць, што для звычайных грамадзянаў Беларусі прозвішча Лепер нешта значыць.

Еўрарадыё: А якая яго роля ў Польшчы? Які яго рэйтынг і рэйтынг яго партыі быў у апошнія гады?

Пачобут: Гісторыя Анджэя Лепера — гэта гісторыя лева-папулістычнага палітыка. Ён па сваіх поглядах, па сваіх паводзінах чымсьці нагадвае Лукашэнку, і таму ён так адчуваў сувязь з Беларуссю, адчуваў сімпатыю да Лукашэнкі. Яго і называлі часам польскім Лукашэнкам. Яго палітычная кар’ера пачыналася ад блакад дарог, ён выкарыстоўваў страх польскіх сялян перад уступленнем у Еўрасаюз. Яму ўдалося стаць на чале гэтай еўраскептычнай хвалі, і ў выніку ён нават некалі 15% галасоў на выбарах атрымаў.

Ён уваходзіў у кааліцыю, якая кіравала Польшчай, ён быў віцэ-прэм’ерам польскага ўраду, а пасля быў цэлы шэраг скандалаў, якія былі звязаныя з яго асобай, перш за ўсё, вядомая сэкс-афера, так званая, калі ён схіляў да сужыцця сябровак сваёй партыі, абяцаючы ім працу. Гэтая гісторыя была вельмі гучная. І пасля гэтага пачаўся ягоны закат. У яго таксама былі карупцыйныя скандалы. І ў выніку ён прайграў выбары.

Сёння казаць пра тое, што Лепер з’яўляецца папулярным палітыкам — гэта хлусіць. У Польшчы ён стаў абсалютным маргіналам, пасля ўсіх гэтых гісторый. Акрамя таго, яго пераследавала пракуратура, хутка меўся адбыцца чарговы суд і яму пагражала чарговае зняволенне.

Еўрарадыё: А можа, такая значная ўвага да смерці Лепера — гэта нагода, каб проста паказаць, што ў іншых краінах кепска, а Беларусь, нібыта, на іх фоне выглядае востравам стабільнасці?

Пачобут: Гэта, як кажа Валерый Булгакаў (палітолаг, галоўны рэдактар часопіса "Архэ" — Еўрарадыё), ёсць пэўныя традыцыі савецкай прапаганды. Калі Савецкаму Саюзу звярталі ўвагу на тое, што ў лагерах сядзяць палітычныя праціўнікі камуністаў, адказ быў такі самы: а ў вас неграў пераследуюць, а ў вас неграў б’юць. Гэта прыкладна такога кшталту дзеянне. Гэта, перш за ўсё, зварот да беларускага грамадства, спроба стварыць прывабны імідж Беларусі, палохаючы грамадства тым, што адбываецца на Захадзе. Але гэта наўрад ці можна аналізаваць, як нейкія паважныя дзеянні прапаганды, думаю, што гэта вельмі танныя хады.

На архіўным здымку Анджэй Лепер у зняволенні, 1994 г.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі