Чавусаў: Гэта спроба ўцягнуць Захад у гандаль палітвязнямі

Еўрарадыё паразмаўляла з палітолагам Юрыем Чавусавым пра памілаванне кіраўніком дзяржавы дзевяці палітвязняў і пра яго магчымыя наступствы.

110812 Chausau site.mp3

Еўрарадыё: Вызваленне палітвязняў праз напісанне імі просьбаў аб памілаванні — гэта што, перамога цяперашняй улады? Ці спроба захаваць твар?


Чавусаў: Наўрад ці можна казаць пра спробу захаваць свой твар у сітуацыі, калі памілуюцца 9 палітвязняў, а за краты кідаецца вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі. Гэта, хутчэй, спроба паказаць, у першую чаргу, заходнім назіральнікам, што вызваленне палітвязняў магчымае, і гэта спроба ўцягнуць Захад у гандаль палітвязнямі, ад якога пакуль, прынамсі на публічным узроўні, Захад адмаўляецца.


Што тычыцца выкарыстання такіх тэрмінаў як “перамога”, “параза”, мне падаецца, не варта грамадскасці, публіцы ацэньваць, ці абгрунтавана гэтыя людзі напісалі гэтыя прашэнні аб памілаванні ці не. Мне падаецца, што гэта індывідуальная, прыватная справа гэтых вызваленых.


Еўрарадыё: Ці варта чакаць вызвалення астатніх палітвязняў, і на якіх умовах гэта можа адбывацца?


Чавусаў: Паўтаруся, што якраз гэта крок ў накірунку таго, каб стварыць уражанне, што чакаць вызвалення палітвязняў варта, калі на гэтую тэму весці перамовы з чыноўнікамі беларускага рэжыму. Калі гэта адбудзецца, прагназаваць цяжка. Але тая вялікая колькасць палітвязняў, не будзем забывацца, што ў нас ёсць некалькі крымінальных справаў датычных 19-га снежня, ёсць кіраўнік “Маладога фронту”, які быў затрыманы 18-га снежня, ёсць пагроза пераследу лідараў праваабарончага руху і спадара Аўтуховіча, які знаходзіцца за кратамі.


У Лукашэнкі, на жаль, зараз у закладніках дастаткова шмат людзей, каб расцягнуць гэты гандаль ажно да сярэдзіны 2012 года. Думаю, канцавой кропкай гэтага гандлю будуць парламенцкія выбары, якія павінны адбыцца не пазней за верасень 2012-га года, і цягам падрыхтоўкі да той кампаніі паступова, у залежнасці ад выніку перамоваў, палітвязні будуць вызваляцца. Наўрад ці варта чакаць вызвалення да парламенцкіх выбараў лідараў апазіцыі, такіх як Саннікаў, Статкевіч. За гэта Захаду трэба будзе прадставіць нейкія звышгарантыі, на якія заходнія палітыкі наўрад ці пойдуць.


Еўрарадыё: На якія крокі ЗША і ЕС тэарэтычна цяпер могуць пайсці? Ужо некалькі разоў яны заяўлялі, што больш не будуць таргавацца, і гатовыя да перамоваў толькі тады, калі адразу выпусцяць усіх палітычных.


Чавусаў: Такая заява публічна была зробленая на палітычным узроўні, але, мне падаецца, што гэта хутчэй рытарычны крок, і насамрэч, вызваленне нават дзевяці з некалькіх дзесяткаў палітвязняў магло б быць успрынятае Захадам як прапанова для дыялогу і стымул пачаць перамовы, якія мы называем “гандлем палітвязнямі”.


Але сама сітуацыя для вызвалення гэтых 9-ці чалавек была абрана неспрыяльная. Відавочна, што гэта планавалася зрабіць у сітуацыі, калі ЗША ўводзяць дадатковыя эканамічныя санкцыі і, я думаю, стратэгі рэжыму планавалі, што такім чынам будзе змікшавана негатыўнае ўздзеянне амерыканскіх санкцыяў, але атрымалася так, што затрыманне кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” усё роўна засталося падзеяй нумар адзін у міжнародным парадку дня вакол Беларусі. Таму наўрад ці мэты, якія ставіліся перад вось гэтай акцыяй вызвалення палітвязняў, на заходнім накірунку былі дасягнутыя.

Фота —belsat.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі