Пракурор папрасіў для Пачобута 3 гады калоніі агульнага рэжыму

Працэс над Андрэем Пачобутам сёння працягваўся нядоўга. Выступіў пракурор, які папрасіў для журналіста 3 гады калоніі агульнага рэжыму. Суд працягнецца 28 чэрвеня а 10-й гадзіне.

***

10.40. Аксана Пачобут кажа, што людзі, якія сабраліся каля суда, проста разгубленыя, бо так хутка скончылася сёння пасяджэнне. Яны збіраюцца прыйсці 28-га чэрвеня, каб падтрымаць Андрэя.

Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання журналіста Ігара Банцара. Ён прапанаваў Анжаліцы Арэхве і Аксане Пачобут з боку суда прайсці на тэрыторыю бальніцы, каб адтуль пабачыць, як прывязуць Андрэя Пачобута. Аднак яны не прайшлі некалькі крокаў, як іх спыніў чалавек у цывільным. Ён паведаміў, што "гэта цывільны аб'ект і ён ахоўваецца". Сам ён не прадставіўся. Неўзабаве з'явіліся міліцыянты, якія схапілі Ігара і пацягнулі яго па зямлі ў машыну, распавяла Еўрарадыё Аксана Пачобут.

10.36. У судзе адбыўся толькі выступ пракурора. Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў для Пачобута 3 гады калоніі. Працэс працягнецца 28 чэрвеня ў 10 гадзінў. У гэты дзень пройдуць выступы адвакатаў.

10.00. Каля суда міліцыянты затрымалі журналіста Ігара Банцара. Ён разам з Аксанай Пачобут і Анжалікай Арэхва знаходзіліся на заднім двары суда і спадзяваліся пабачыць Андрэя Пачобута, якога якраз мусілі прывезці. Ігар Банцар знаходзіцца ў Ленінскім РАУС. Нагадаем, яго затрымлівалі 14-га чэрвеня, у першы дзень працэсу над Пачобутам, і ён адседзеў 5 сутак, нібыта, за дробнае хуліганства.

Аштрафаваная ўчора актывістка Саюза палякаў Рэната Дзем'янчук сёння спрабавала зайсці ў будынак суда ў сваёй справе, але яе не пусцілі. Ахоўнікі сказалі, што "яна можа пайсці на суд Пачобута".

Каля суда ўсталёўваюць камеру супрацоўнікі гродзенскай абласной тэлевізіі.

***

Сёння ў Ленінскім судзе пачнуцца спрэчкі бакоў.

Нагадаем, што гродзенскага журналіста вінавацяць у абразе і паклёпе на кіраўніка Беларусі. Пачобуту пагражае да 4 гадоў зняволення. Суд над журналістам праходзіць у закрытым рэжыме.

Учорашні онлайн-рэпартаж з Гродна глядзі тут

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі