Image 25904

Барабанны Біт-2009: з альпійскай трубой, балканскімі матывамі і бенефіцыянтам

Пра тое, хто перамог у конкурсе і як святкаваўся бенефіс Аляксандра Сапегі, глядзіце і чытайце тут.

Ужо з першага нумару канцэрта, які складана называўся “ Гала-канцэрт фестываля-конкурса “Барабанны біт-2009” і “Аляксандр Сапега – 35 гадоў за барабанамі” было зразумела, што Продзіджы адпачываюць. Можна было ўявіць тых змерзлых людзей са стадыёна “Дынама”, якія “слэмілі” не доўга, і парадавацца за нас — гледачоў ДК МАЗ, якія не слэмілі, аднак у адносным цяпле(ацяпляльны сезон толькі пачынаецца!) радасна маталі нагамі, галовамі і ўсміхаліся. Усміхаліся і балдзелі (жаночая палова прысутных са мной пагадзіцца) ад энергетыкі, пазітыву, маладой сілы і драйву Аркестра Мінскай музычнай вучэльні імя Глінкі пад кіраўніцтвам Аляксандра Ліпніцкага — першага пераможцы Барабаннага Біту.



Такім чынам, галоўную ролю на “Барабанным Біце”, зразумела, выконвалі барабаны. А кіраваў барабанамі і “бітам” бенефіцыянт і бубнач Аляксандр Сапега.

Адзін за адным на сцэне з’яўляліся лепшыя бубначы Беларусі, у тым ліку і былыя пераможцы конкусу “Барабанны Біт”, са сваімі калектывамі.

Сёлетнім пераможцам “Барабаннага Біту” стаў Аляксандр Мінец — бубнач гурта Hush, які, мабыць, ведаюць дзякуючы ўдзелу ў ім Георгія Калдуна і перапеўкам песень Deep Purple. Па словах Аляксандра, бубны Mapex, якія дасталіся яму ў падарунак, будуць актыўна граць, раз’яжджаць па краіне з гастролямі, а сам пераможца выглядае вельмі задаволеным падзеяй.

Аляксандр Мінец: “Я доўга ішоў да гэтай перамогі. Вось, нарэшце, прыйшоў, і адчуваю сябе цудоўна!

Калі браць пад увагу той факт, што бубначоў-пераможцаў “біту” можна назіраць у лепшых беларускіх гуртах і аркестрах, то Аляксандр Мінец не збіраецца далучацца да іх. Бубнач хоча перамясціцца на прыступку вышэй са сваім гуртом Hush і чакае патрэбнага месца і патрэбнага часу для падобнага кроку.

З былых канкурсантаў на сцэне выступіў гурт Андрэя Маўрына — цяпер бубнача прэзідэнцкага аркестра. Гурт, у складзе якога апроч Андрэя — знакамітыя Павел Аракелян, Канстанцін Гарачы і Людміла Крукоўская, пагрузіў публіку ў псіхадэлічна-джазавы транс.

Апроч непераможных канкурсантаў і зорак, на сцэну “Барабаннага Біту” выйшлі і дэбютанты: Drum-Street-Show “Стрэс”(студэнты Аляксандра Сапегі) і гурт “Green Pepper” за бубнамі якога сядзеў сын Аляксандра Ян. Гурт, які нагадваў ранніх Red Hot Chilli Рeppers, быў успрыняты публікай “на ўра”, таму і выступалася гурту, што дагэтуль граў толькі на святах горада, паводле словаў Сапегі-малодшага, лёгка:

Ян Сапега: “Вельмі лёгка выступалася. Хваляванне неяк адпала само сабою. Мы граем на гарадскіх святах. Пакуль маладыя і нявопытныя, на больш сур’ёзныя мерапрыемствы нас не бяруць”.


Вядучы канцэрта-бенефіса Зміцер Падбярэзскі час ад часу зачытваў гісторыі з кнігі Сапегі “100 кубкаў яблычнай гарбаты”, чарговы тыраж якой з’явіўся ў верасні, казаў толькі добрыя словы пра бенефіцыянта і выклікаў на сцэну чарговых выступоўцаў.

Другі бацька-заснавальнік “Барабаннага Біту” Аляксандр Старажук з’явіўся на сцэне разам з калегамі па гурту “Ляпіс Трубяцкой”(не хапала толькі Міхалка, Булатнікава ды Ўладыкі:))) з шасціметровай альпійскай трубой!


Гурт Apple Tea, за бубнамі якога Аляксандр Сапега знаходзіцца ўжо 15 гадоў, парадаваў гледачоў порцыяй сучаснага джаз-року.



Другі калектыў “Князя”, акардэонны ансамбль “Фестываль”ўзарваў залу апладысментамі, крыкамі “брава” і бісам. Балканскія матывы ўскалыхнулі джазава-барабанную прастору настолькі, што выступ “Фестываля” падаўся нам адным з найбольш яскравых момантаў канцэрту.


Завяршаў фестываль сэт ад гурта “Drum Extasy” і джэм-сэйшн бубначоў-удзельнікаў імпрэзы пад кіраўніцтвам бенефіцыянта Сапегі.



Падаецца, ніхто расчараваным залу не пакінуў, нават Філіп Чмыр, вядомы свам іранічным падыходам да розных культурніцкіх падзей:

Філіп Чмыр: “Увогуле ўсё добра. Мне тут усё спадабалася: вельмі добрая атмасфера і вельмі добры напрыканцы джэм атрымаўся”.

Па словах Змітра Падбярэзскага, фэст “Барабанны Біт” — прыклад сапраўднага беларускага шоў-бізнеса, у які не павінна ўмешвацца дзяржава. Адзінае, што хвалюе Змітра — куды падзенуцца бубначы-пераможцы “біту” пры нашай фанернай эстрадзе?

Зміцер Падбярэзскі:
“Мяне больш за ўсё радуе тое, што гэта ўсё адбываецца не пад крылом дзяржавы. І такі павінен быць шоў-бізнес. Дзяржава не павінна ў яго ўмешвацца. Я вельмі рады, што ў нас ужо ёсць некалькі спецыялізаваных фестываляў: “Грыфаманія”, “Барабанны Біт”. Адзінае, што мяне хвалюе — куды пойдуць усе гэтыя маладыя барабаншчыкі, якія перамагаюць у конкурсе? Эстрада наша фанерная. Адзінае, відаць, дзе нашых барабаншчыкаў чакаюць, дык гэта ў ваенных частках. Але там — два гады. Трэба задумвацца сур’ёзна: дзе ім далей працаваць”.

Аляксандр Старажук падзяліўся з Еўрарадыё кароткай гісторыяй стварэння “Барабаннага Біту” і запэўніў, што барабанная школа ў Беларусі ёсць:

Аляксандр Старажук: "Хачу сказаць, што пачыналася ўсё як заўсёды на голым энтузіязме: мы сустрэліся з Сашам на чыгуначным вакзале, і з’явілася думка правядзення фэста. Падобныя фэсты існуюць у Амерыцы, Еўропе. Энтузіязм застаўся. Дзякуй Богу, знайшліся людзі, якія гэта падтрымліваюць, фінансуюць. Па вялікаму рахунку, гэта дабрачынны канцэрт для ўсіх музыкаў. Я вельмі рады, што фэст працягваецца, і, галоўнае, што рост маладых музыкаў проста фантастычны! Калі так будзе і далей, я буду вельмі рады за нашу краіну — барабанная школа ў Беларусі ёсць! Я пафас не асабліва люблю, але сёння, па-мойму, быў канцэрт ад душы".

На жаль, з самім бенефіцыянтам Еўрарадыё перакінуцца слоўкам не ўдалося: недзе бегаў, аднак наслухацца добрых словаў пра Сапегу ад сяброў і калегаў давялося шмат.

Калега па Apple Tea Канстанцін Гарачы шчаслівы, што лёс звязаў яго з Сапегам:

Канстанцін Гарачы: “Саня фантастычна дзейны чалавек, і мне гэта вельмі падабаецца. Ён арганізуе фестывалі, ён піша кнігі і артыкулы ў інтэрнэце. Я ведаю, што яго ЖЖ наведваюць юзеры з усяго свету. Карацей, у Сані творчасць праяўляецца ва ўсім. Аднак такая вялікая справа, як барабанны фэст, аказалася пад сілу толькі яму. Ён гэта зрабіў. Сапраўдны князь! Увогуле, у нас вельмі мала фестываляў, тусовак, нагодаў, калі збіраецца шмат музыкаў: і бубначы, і гітарысты, і клавішнікі, і басісты, якія граюць разам і размаўляюць. І вось Саня арганізаваў падобную гарачую кропку!  Я вельмі рады, што нас звёў лёс, што мы дагэтуль разам граем, пішам альбомы. Гэта вялікае шчасце”.

Аляксандр Старажук не любіць пафасу:

Аляксандр Старажук: “Сапегу я ведаю з 1985-га году. Музыка ад Бога. Ён варты!”

Зміцер Падбярэзскі
зазірае далёка наперад:

Зміцер Падбярэзскі: “Сапега — цудоўнейшы чалавек з ліку тых рэдкіх у Беларусі музыкаў, якія зрабілі сябе. Зрабілі пастаяннай працай, пастаяннай зараджанасцю на тое, каб граць і ўдасканальвацца. Барабанны Біт для яго — гэта таксама нейкая чарговая прыступка ў яго прафесійным росце, дзе ён выступае ўжо не проста як музыка, а як арганізатар, набывае праз гэта аўтарытэт. Саша любіць нешта ствараць, і відаць, што да скону жыцця ён не супакоіцца. Дзякаваць Богу!”

Спадара Падбярэзскага падтрымлівае і Ян Сапега:

Ян Сапега: “Я зычу майму тату развіваць сваё майстэрства і найдалей!”






 
 

Даслаць каментар









captcha image

Пакуль няма каментароў.

AПОШНІЯ НАВІНЫ

 
ЖЫВЫ ЭФІР:

Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.

Слухайце жывы эфір на плэеры, які вам пасуе


Даведка >>