Адзін з лепшых беларускіх дыджэяў больш не жыве ў
Мінску. У сераду ён прыляцеў у Лондан, дзе збіраецца далей вучыцца і працаваць.
Сваю апошнюю мінскую вечарыну I.F.U.
— Аляксей Кутузаў — зрабіў у "Графіці", і граў на ёй 5
гадзін
нон-стоп.
![[Image]](http://euroradio.fm/images/cms-image-000025123.jpg)
Насамрэч, I.F.U. год таму ўжо рабіў развітальную
вечарыну, нават развітальны ўікэнд. Але
планы не спраўдзіліся і Аляксей затрымаўся ў Мінску. Усім ад гэтага было
радасна, можа, акрамя самога I.F.U.
Гэтым разам з планамі ўсё атрымалася. Аляксей, як і
казаў
Еўрарадыё ў лютым, паехаў у Лондан вучыцца ў
SAE Institute на гукавога
інжынера. Так што развітальная вечарына, якую Кутузаў назваў
“Deep Inside of Me”,
аказалася сапраўды развітальнай.
![[Image]](http://euroradio.fm/images/cms-image-000025131.jpg)
Яна прайшла
19 верасня ў паб-клубе
“Графіці”, дзе
апошнім часам сталі адбывацца не толькі канцэрты і піўныя пасядзелкі, а яшчэ і дыджэйскія
вечарыны з танцамі да 3-х раніцы.
Развітальны сэт ад I.F.U. доўжыўся 5 гадзін. Аляксей
амаль не адыходзіў ад пульта, шмат курыў, віншаваў сяброў то з днём нараджэння,
то з вяселлем, прымушаў людзей скакаць, вышэй уздымаць піўныя куфлі і
крычаць. Напрыканцы заміксаваў
“This is the end” ад
The Doors і такім чынам паставіў кропку.
Падчас доўгага сэту, Еўрарадыё паразмаўляла з некаторымі наведвальнікамі і папрасіла прыгадаць самую яскравую вечарыну з удзелам I.F.U.
Зміцер Падзім, музычны вандроўнік:
"Адна з тых вечарын, якая мне запомнілася, была ў Лондане ў клубе The Egg. Гэта быў 2004 год і я толькі пачынаў адкрываць для сябе брэйкс і сучасную электронную музыку. Дарэчы, на той вечарыне я ўпершыню і пазнаёміўся з I.F.U."
DJ Techo:
"Дзень народзінаў Змітра Падзіма за 200 км ад Мінску ля
возера Нарач. Гэта быў месяц травень — першае цяпло, першае сонейка ўдзень,
першая цёплая ноч і вельмі-вельмі неблагі сэт, які граў Аляксей цэлую ноч адзін
і бэк-ту-бэк з дыджэем Індусам".
Shurikaa, дызайнер:
“Я зараз заплачу, гэта было ў 1995 годзе… Шчыра,
раней ён быў лепшым. Зараз ён пасталеў і стаў сур’ёзную музыку граць, а
я несур’ёзны! Але вось на сённяшняй вечарыне ён, нарэшце, таксама несур’ёзны,
таму мне падабаецца зараз!”.
DJ Kendoo: “На Лёшу я спецыяльна
не хаджу. Ён мой сябар, мы з ім так бачымся... Ну ты ж не прыходзіш на працу да
свайго сябра і не кажаш: о, як ты класна працуеш! Не, ты прыйдзеш да сябра ў
пятніцу і прапануеш разам папіць піва. Але вечарына, на якой я дакладна быў –
гэта на мой дзень нараджэння, тут жа, у “Графіці”, тыдзень таму. Мне вельмі
спадабалася!”
DJ Lena Lectra:
“Самыя лепшыя вечарыны, мне здаецца, у яго дома былі, калі ён не граў, а проста
ставіў кружэлкі з добрай музыкай. Проста так часта бывала, што пасля вечарын мы
ехалі да яго і там сустракалі раніцу, спакойна, у кампаніі сяброў, з чашкай
піва...”На шостым чалавеке Еўрарадыё зразумела, што ў кожнага ў памяці сядзіць свая вечарына, якіх, аказваецца, было безліч, і працягваючы ў такім тэмпе, можна было б зрабіць прадрабязную храналогію выступленняў і перамяшчэнняў
Аляксея Кутузава, але
— навошта яно патрэбна. Лепш пачакаем на новыя выступленні. Калі не ў Мінску, то, што рабіць, прыйдзецца дабрацца да Лондана.