Піцерскі трансэтнічны калектыў Markscheider Kunst даў першы адкрыты канцэрт у Мінску.
Што сыгралі, ці зайздросцяць гурту Ленінград, хто лепш грае кубінскую музыку і нарэшце, ці “забілі яны негра” — чытайце ў інтэрв’ю з лідарам гурта Сяргеем Яфрэменкам.
Еўрарадыё размаўляла з Сяргеем за некалькі гадзінаў да канцэрту, таму цікава было даведацца, на якую рэакцыю Маркшайдэр Кунст (Markscheider Kunst) увогуле разлічвалі, упершыню выступаючы ў Мінску перад адкрытай аўдыторыяй. Першыя два канцэрты праходзілі ў закрытым фармаце — на дні нараджэння Ўладзіміра Цэслера.Cяргей Яфрэменка (EFR): Будуць танцы, “немое обожание”, апладысменты, песні хорам. Усё, як звычайна. Мы сыграем нашы неверагодныя хіты і шэсць песень з новай кружэлкі, якую плануем выпусціць у чэрвені.
Забяжым наперад, дакладней, ужо назад, і скажам, што на канцэрце, які прайшоў 17 траўня ў клубе “Стэп”, сапраўды было бітком людзей, “немое обожание” і ўсё, што вышэй пералічыў Сяргей. “Мінск доўгі час быў зачараваным месцам”
Еўрарадыё: Хочам пра Еўропу высветліць, мы ж радыё — еўрапейскае. На сайце напісана, што вы часта ў Нямеччыне бываеце. Гэта праўда? EFR: Так. Нямеччыну, можна нарэзаць на 20 квадратных кіламетраў, і мы былі ўсюды. Мы вельмі актыўна гастралюем пачынаючы з 1996 года, і за 13 год Нямеччына стала “стартам”. У нас там букінг, і мы звычайна ўсе нашы гастролі пачынаем адтуль. Мы былі шмат дзе! Але, тым не менш, застаюцца зачараваныя “царства-дзяржавы”. Вось Мінск доўгі час быў такім месцам.
Еўрарадыё: Для некаторых гуртоў ён па-ранейшаму застаецца месцам, з якога немагчыма зняць чары. Для Леніграда, напрыклад.EFR: Можа яно і лепш?
Еўрарадыё: Чаму?EFR: Па-першае, Ленінграда больш няма. А па-другое, пасядзець, набухацца і палаяцца мы і так можам. Ды і апошнім часам у Ленінграда былі не вельмі цікавыя канцэрты, не такія, як у пачатку.
“Мы не гатовыя гандляваць рожай па МУЗ-ТБ”
Еўрарадыё: Але Ленінград забараняюць на афіцыйным узроўні. А вас не. Вы не зайздросціце?EFR: Іх забараняюць шмат дзе. І мы не зайздросцім. Кожнаму сваё.
А ўвогуле, калі вам так цікава — я прысутнічаў пры стварэнні гэтага калектыву. І першапачаткова гэта быў поп-прадукт, накіраваны выключна на тое, каб зарабіць грошы, таму што людзі, якія прыдумалі гэты праект —
Мікшэр, Удовін і Шнур — у той час жабравалі, скарыначкі ад хлебушака елі. Мікшэр жыў у нас на “кропцы”…
І вось яны прыдумалі праект і ажыццявілі. Але гэта — масавая культура, калі ўвогуле можна назваць культурай. Для мільёнаў. А наша музыка — не для ўсіх, толькі для аматараў. Мы гэта вельмі добра разумеем і не гатовыя гандляваць рожай па якім-небудзь МУЗ-ТБ. Мы не здымаем кліпы і не лезем на радыё. Які сэнс, навошта?
Еўрарадыё: Каб больш людзей даведалася пра вас!EFR: Хто? Якія? Людзі, якія цікавяцца такой музыкай, так ці інакш на нас выйдуць. А скідваць з маладых хлопчыкаў і дзяўчат, якія нічога не кемяць, апошнія грошы, каб яны прыйшлі на наш канцэрт — не шчыра.
Ну і пра тэлебачанне — я, напрыклад, не хачу бачыць сваю персону паміж якой-небудзь Алёнай Пупкінай і Васем Шмупкіным.
Word Music
Еўрарадыё: Калі вас заяўляюць на міжнародных фестывалях, то адносяць да world music. Але world music, здаецца, — гэта сваё, нацыянальнае, проста выдадзенае ў форме міксу.EFR: Гэты тэрмін —
world music — прыдумаў журналіст з “Бі-бі-сі”
Чарлі Жылет (Charlie Gillett), наш вельмі вялікі сябар. І world music адносінаў да народнай музыкі ўсё ж не мае. І не абавязкова, каб world music гралі аўтэнтычныя носьбіты стылю ці культуры.
Наадварот, шмат каму цікава, калі ўсё задам-наперад адбываецца. Як у музыцы
go-go. Гэта ж не тое, што цяпер усе разумеюць пад go-go — танцы дзяўчат ля шастоў. Першапачаткова go-go, як музычны стыль, узнік у В’етнаме, Тайвані, Тайбэі, калі да гэтых маленькіх людзей (я маю на ўвазе невысокага ўзросту) “дабрылі” электрагітары, і яны раптам зразумелі, што існуе нейкі цікавы рок-н-рол. І давай яго мясіць! Такім чынам узнік гэты дзіўны азіяцкі рок —
go-go music.
Яшчэ прыклад —
японскі ска. Адкуль у Японіі ска? Гэта ж зусім розныя часткі свету. Але, тым не менш, японскі ска — адзін з лепшых у свеце.
Сальса — афракубінская музыка. Гэтыя людзі, носьбіты, раз'ехаліся хто куды па свеце. Адзін з лепшых калектываў у гэтым стылі жыве цяпер у Фінляндыі. Яны так граюць
сон-мантуна (son montuno), што носьбіты так не ўмеюць.
А яшчэ ж не забывайцеся, што носьбіты часцяком знаходзяцца пад уплывам моды. На той жа Кубе зараз акрамя
рэгетона ўжо нічога і не пачуеш. Умс-да-кі-сда, умс-да-кі-сда — і ўсё, і не зразумела, каму ў каго вучыцца.
А нам, у Расіі, пасля 300 гадоў татара-мангольскага гнёту, прыняць менталітэт любога чалавека вельмі нескладана.
“Акцэнт у песнях — гэта весела, прыкольна, смешна і файна”
Еўрарадыё: І ўсё ж скажы, ці можна быць сапраўдным, спяваючы іншаземныя песні?EFR: Канешне, калі навучыўся рабіць гэта па-сапраўднаму, ты будзеш рабіць гэта па-сапраўднаму. Мы гралі з рознымі “карыфеямі стыляў”, і яны прыходзілі да нас са сваімі інструментамі, гралі джэм і заяўлялі, што,
“чувакі, гэта ўсё так, як трэба, усё цудоўна, чароўна і прыгожа”.
У нас ёсць праект з
Tresmuchachos & Companieros, дзе мы граем аўтэнтычную кубінскую музыку. Я паразмаўляў з хлопцамі з
Кубінскага нацыянальнага септэта Ігнасіа Пінейра (Septeto Nacional de Ignacio Pineiro) — дарэчы, з 1820 года існуюць, любімы калектыў
Фідэля Кастра — і я ім кажу:
“Слухайце, у мяне з іспанскай не вельмі. Як там? Не бянтэжыць вас гэта?” То бок пытанне сапраўднасці паўстала.
А яны мне кажуць:
“Чувак, ні ў якім разе не займайся іспанскай мовай. Твой акцэнт у песнях — гэта весела, прыкольна, смешна і файна. А калі ты будзеш на добрай іспанскай спяваць, гэта будзе яшчэ адзін сон-мантуна ансамбль. Не зусім кайфова”.
Ай-яй-яй-яй, забілі негра?
Еўрарадыё: Прабачце, але дзе вы згубілі афрыканскага сябра Markscheider Kunst — Серафіма Макангілу? На афішы, во, ён ёсць...EFR: Афрыканскага сябра мы ўжо 4—5 год як згубілі.
Еўрарадыё: Чаму так здарылася? Усё ж ён дабаўляў вам каларыту. EFR: Свет цячэ, змяняецца. І мы таксама — тое граем, гэта, у нас каша ў галовах, і ў кружэлках таксама. Мы пайгралі адну “калінку-малінку”, ну і хопіць, пайшлі нешта іншае граць. А для Серафіма — гэта “калінка-малінка” яго жыцця. Ён на ёй вырас і іншай “калінкі-малінкі” не разумее. А мы ў сваёй музыцы рушылі ў іншы бок, і гэта была адна з асноўных прычын, чаму мы разышліся.
Ну, і другая прычына — “зялёны змей”, які Серафім, дзякуй богу, зараз перамог. А тады гэта быў татальны “піпец”. Вы ж разумееце, калі ў кожным клубе кожнага горада ў цябе бясплатны бар — утрымацца складана. А на афрыканскіх людзей пойла дзейнічае як на нас мескаліта.
Але зараз ўсё добра. У яго свой гурт —
Simba Vibration. Мы ім нават дапамагалі ў запісу новага альбома. Яны ўжо з'ездзілі ў першае еўрапейскае турнэ. Увогуле, шыкоўна граюць —
сукус (soukouss), тую музыку, якую мы гралі гадоў 10 таму. Гэта афрыканская гітарная музыка з перкусіяй. У Расіі такую музыку і так добра цяпер ніхто не грае.
Па-сапраўднаму? Так, на ўсе 100% па-сапраўднаму.
Фота: Tarantino (з канцэрта ў клубе “Стэп”).Myspace: Markscheider Kunst