DJ I.F.U.: "У Беларусі больш любяць андэграўнд, такая асаблівасць краіны"
2009-02-19 20:05:24, Міла Котка
Пакуль клаберы чакаюць вынікаў галасавання BEST DJ, Еўрарадыё адправілася ў госці да лепшага ды-джэя Беларусі мінулых гадоў Аляксея
Кутузава, вядомага як DJ I.F.U. Чытайце пра бадзянні па Еўропе, новыя музычныя стылі і беларускую клубную рэальнасць.
Вучоба ў Лондане
Студыя ў SAE Institute
Міла: Лёша, ты двойчы лепшы ды-джэй Беларусі. Сядзець
бы і атрымліваць асалоду ад прызнання. Але табе не сядзіцца і ты, ведаю,
збіраешся ехаць у Брытанію вучыцца. Навошта?
I.F.U.: Ды-джэйства — гэта яшчэ не ўсе!
Трэба і сваю музыку пачынаць рабіць, прычым на прафесійным узроўні. Я збіраюся паступіць у SAE institute у Лондане. Інстытут вельмі вядомы, адтуль выйшла шмат крутых
прадзюсераў, нават гукааператар гурта Radiohead.
Міла: Ведаеш ужо сваіх будучых выкладчыкаў?
I.F.U.: Я яшчэ не пачаў навучацца. Адзінае,
што я ведаю, гэта чаму мяне там будуць вучыць, і што я адназначна перайду на
Макінтош.
Міла: ???
I.F.U.: Гэта ўмова інстытуту. Калі я
паступаю, мне даюць Макінтош Мак Бук, адразу ўжо з усімі праграмамі — і усё, вучыся
і працуй. Лічу, што гэта правільна, бо ўся мульцімедыа ў свеце робіцца на
Макінтошах.
Міла: Якія яшчэ ўмовы ставіць інстытут? Можа,
працаваць мусіш па спецыяльнасці?
I.F.U.: Не, яны наадварот не раяць
працаваць падчас навучання, кажуць, курс вельмі інтэнсіўны.
Міла: І што будзеш рабіць? Наколькі я ведаю, у
Лондане цяжка выжыць, калі не працуеш.
I.F.U.: Гэта пытанне... Але, я так
думаю, можна дома займацца творчасцю, на гастролі калі-некалі ездзіць. Ці
банальна пайду па выхадных працаваць бармэнам, каб былі якія грошы.
Міла: Хочаш сказаць, што лепшы ды-джэй Беларусі,
паступіўшы ў такі прэстыжны універ, не будзе саромецца мыць кубкі і падаваць
віскі якім-небудзь снобам?
I.F.U.: Зусім не! Я ўжо працаваў у Лондане бармэнам,
гэта нармальна. Там умовы зусім іншыя, і мыць посуд не лічыцца чымсьці нізкім.
Увогуле, снабізм — гэта пра Мінск. Там, у Лондане, ніякага снабізму няма.
Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных
краях пабываць...
Гент, Бельгія
Міла: Ты вельмі часта за мяжой. Як сябе там адчуваеш?
I.F.U.: Як дзе. Дзесці горш, чым у
Беларусі, гэта факт. І рана ці поздна, усё адно цягне на радзіму.
Але ў мяне ёсць вопыт жыцця ў Брытаніі, там я сябе адчуваю
як дома. Мне блізкі іх менталітэт, я цікаўлюся англійскім футболам.
А зімой я яшчэ адкрыў для сябе Бельгію і Швецыю. Вельмі
ўразіла Бельгія, я быў у Генце — гэта горад-казка Ганса Хрысціяна Андэрсана, у мяне
фотаапарат не выключаўся. Заўсёды цікава там, дзе яшчэ не быў.
Міла: Цікава, калі ёсць грошы і вольны час. Але наступае момант, калі хочацца самарэалізацыі і там. Як з гэтым?
I.F.U.: Хоць там я і турыст, але мяне калегі часта запрашалі выступіць як ды-джэя. Гэта вельмі прыемна.
Я ўжо граў у Польшчы, Нямеччыне, Галандыі, Англіі.
Міла: Як табе еўрапейская публіка?
I.F.U.: Вельмі адрозніваецца ад
беларускай. У нас клаберы занадта маладыя — ад 17 да 25 год. Яны тусуюцца на
грошы бацькоў, ці дзяўчаты на грошы хлопцаў. А пасля асядаюць у сямейным
жыцці і нікуды не ходзяць.
У Еўропе сітуацыя зусім іншая. Там людзі спачатку робяць
сабе кар’еру і толькі пасля тусуюцца па клубах. Таму за мяжой
ўвесь клубны рух падаецца больш дарослым і асэнсаваным.
Ці выжыве мінімал?
Міла: Ты ведаеш шмат замежных ды-джэяў. Што яны
прагназуюць у танцавальнай музыцы? Можа, мінімал хутка памрэ?
I.F.U.: Мінімал... Ай, гэта ўвогуле брыдкае
слова. Мы ў Мінску называем яго “сухач”, тц тц тц.
Але не, мінімал не памрэ... Яго з’яўленне было абумоўлена
тым, што ўсе музычныя стылі ў нейкі момант сталі вельмі цяжкімі па гучанні.
Калі прыйшоў пік гэтай цяжкасці, тэхна пераўтварылася ў хард-кор, драм-энд-бас
у цяжкі брэйк-кор і хард-драм-энд-бас, а хауз стаў “каўбасой”. Усе зразумелі,
што трэба знізіць абароты і ўсе гэта мінімалізаваць.
Таму музыка і стала больш сексуальнай, зноў з’явілася
музыкальнаць, дзяўчаты вярнуліся на тэхна-вечарыны. Мінімал не памрэ, адзінае,
можа, праз некалькі год зноў пацяжэе ці муціруе ў што-небудзь новае.
Новыя музычная стылі і радыё-дыскатэкі
Міла: Мо з’явіліся якія новыя
стылі апошнім часам?
I.F.U.: Так, навінкі ёсць. Адзін замежны
сябар расказаў пра новы стыль, які пакуль больш папулярны ў
Скандынавіі, але хутка ім захварэе і ўся Еўропа. Называецца squee — гэта нешта сярэдняе паміж IDM, 8-бітнай музыкай,
хард-корам. Я сам яшчэ не зусім зразумеў, што гэта...
Міла: Ці заўважыў у Еўропе якія
цікавосткі ў афармленні вечарынаў? Калісьці на музычным фэсце ў Будапешце
мяне ўразіла танц-пляцоўка Scilent Disco (“Ціхая дыскатэка”). Там усе
танчылі ў радыё-навушніках.
I.F.U.: Ведаеш, гэта як раз з Англіі пайшло! Я пра
гэта даведаўся, калі аднойчы пабачыў у парку чалавек 30 з радыёпрыёмнікамі —
усе яны слухалі адную радыё-хвалю і такім чынам бавілі час.
Мы ў Мінску таксама рэалізавалі падобную ідэю.
Радыёвечарыны. Ды-джэй граў жывы сэт на радыё, а ў нейкім месцы збіраліся
да 30 аўто, настройваліся на гэтую хвалю, уключалі саунд-сістэмы, мігалкі і танчылі.
Міла: Калі
ж такое было?
I.F.U.: Гады 3 таму. Але ўся
гэтая тэма не развілася, бо ў нас з радыё праблемы. Няма такога, якое грала б
нармалёвую сучасную танцавальную музыку.
Электраклэш і ню-рэйв
I.F.U.: Наогул, афармленне вечарынаў
цесна звязана з музычнымі стылямі. Можна прыгадаць 2002 год, калі быў папулярны
электраклэш. Гэты стыль цікавы тым, што быў вельмі завязаны на модзе. Электраклэшам
захаплялася шмат мадэльераў, таму і вопратка ў клабераў істотна змянілася. А яшчэ гурты
кшталту Ficherspooner пачалі граць танцавальную музыку ў жывую.
Шкада, што ў Беларусі
электраклэш не развіўся.
Але ладна
электраклэш, ён ужо адыйшоў на другі план. Яго замяніў ню-рэйв. Гэты стыль з рэйвам
не мае нічога агульнага, я б назваў яго індзі-дэнс — танцавальная гітарная
музыка.
Гэты стыль вельмі папулярны цяпер у Еўропе, нават у Піцеры адчыняюць спецыяльныя ню-рэйв клубы… А ў нас такога стылю зноў няма!
Я ужо не аднойчы
казаў нашым прамоўтарам рэтра-вечарын, што замест таго, каб граць абы што 90-х
гадоў — Ace of Base, Head Away, Dr. Alban, — можна было ладзіць ню-рэйв вечарыны.
Гэта тое ж рэтра, толькі нашмат цікавей, больш моднае і яскравае.
Адкуль інфармацыя?
Міла:Адкуль ты бярэш інфармацыю пра электронную музыку?
I.F.U.: Я замаўляю ўсе галоўныя
часопісы з Брытаніі — DJ Mag,
Mix Mag, I-DJ. Вельмі цікавы часопіс Wire. Нядаўна з’явіўся новы М-8.
Ячшэ я люблю набываць часопісы ў Нямеччыне і Галандыі. Я іх мовы не ведаю, але хаця б гляжу фота, бачу знаёмыя імёны.
І Інтэрнэт, канешне. Люблю слухаць японскае радыё Samurai.fm, там вельмі шмат
цікавай музыкі і інфармацыі.
Міла: Цябе цікавіць, чым жыве свет апроч
электроннай музыкі?
I.F.U.: Так, я часта захажу на сайт
Бі-бі-сі. Трэба ж паглядзець, якое надвор’е ў Англіі і як згулялі футбольныя
каманды! (смяецца)
DJ-топы і лепшыя ды-джэі
John Digweed
Міла: Якім DJ-топам ды давяраеш?
I.F.U.: Ніякім не давяраю, я ж дыск-жакей, у мяне свой топ. За мінулы год з лепшых я б адзначыў John Digweed, Dubfireі Adam Beyer.
Але да ўсіх
галасаванняў я стаўлюся лаяльна, і разумею, чаму такія вынікі, а не іншыя.
Міла: Патлумач тады, чаму ўвесь свет
выбірае музыку ў стылі транс, а Беларусь два гады запар — DJ I.F.U.?
I.F.U.:Транс у нас ніколі асабліва не развіваўся. У нас ён з'явіўся толькі ў
2000-м, і тое, не з камерцыйнага боку, а з андэграўнднага —
псіхадэлік транс.
У Беларусі больш любяць андэграўнд. Такая асаблівасць краіны. Тое, што я двойчы стаў лепшым дыджэем, гэта даказвае. Я граю не камерцыйную
музыку, магу эксперыментаваць.
Калі паглядзець на 30 нашых лепшых ды-джэяў, то гэта драм-энд-басавыя, тэхна ды-джэі. Гэта клёва! Міла:Краіна
партызанаў...
I.F.U.:Так і ёсць. Памятаю, калі "Драм Экстазі" прыехалі выступаць у Маскву, ім прамоўтар
сказаў:
"З Беларусі? Ды ў вас там поўны андрэграўнд! Вам не ў
Маскву трэба ездзіць, а ў Берлін, Амстэрдам — там андэграўнд любяць. А ў нас тут
папса!"
Міла:Што чакаеш ад cёлетняга галасавання BESTDJ?
I.F.U.:Чакаю, што не
стану лепшым ды-джэем! Гэта было б ужо смешна і няправільна. Хочацца, каб маладое
пакаленне вылазіла ў першыя шэрагі.
Сэнс жыцця, нарэшце
Даслаць каментар
Пакуль няма каментароў.
AПОШНІЯ НАВІНЫ
ЖЫВЫ ЭФІР:
Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.
Даслаць каментар