Image 7274

Палац: "У Кракаве амерыканцы цэлым натоўпам набылі нашыя кампакты"

У Кракаве адгрукаталі тры канцэрты беларускіх гуртоў – “Джамбібума”, Drum Ecstasy і “Палаца”.
У студэнцкім хостэле, куды засялялі ўсіх гасцей "Тыдня Беларусі", мы і вычапілі музыкаў з гурта “Палац”. Хоць хлопцы ўжо спяшаліся на радзіму, Алег Хаменка, лідэр-вакаліст, знайшоў некалькі хвілінаў, каб паразмаўляць з Еўрарадыё – пра мінулы канцэрт, этнічную музыку, ну і, канешне, пра сам “Палац”.


Image 7273

Еўрарадыё:
Вось выступілі вы ў Кракаве — на адкрытай пляцоўцы у старажытнай частцы горада. Наколькі вам гэта спадабалася, калі спадабалася ўвогуле?

Алег Хаменка: Ну, Кракаў не можа не спадабацца. Беларускі тыдзень у Кракаве —вельмі-вельмі цікавая і яскравая падзея. Вельмі прыемна было, што даехала шмат сяброў. Гэты тыдзень можна спакойна назваць культурнай з'явай ў жыцці горада. Ды й беларусам, я ведаю, гэта таксама было цікава. Я бачыў, што на нашым канцэрце былі не толькі палякі і амерыканцы, якія заўсёды гуляюць па «старым мясце». Было і шмат нашых.

Еўрарадыё: Як табе ўвогуле арганізацыя?

Алег: З гэтым тыднем усё, я лічу, добра. І падрыхтоўка, і калектывы цікавыя запрасілі. Адзінае – не хапіла крыху рэкламы. І я ведаю чаму так сталася: не вельмі шмат было арганізатараў, іх тут толькі некалькі чалавек.

Еўрарадыё: Але, калі шчыра, табе не падалося, што людзей было замала для такой падзеі?

Алег: Я не пагаджуся. Не пагаджуся таму, што трэба разумець розніцу – калі мы граем на спецыяльных пляцоўках і калі ў самым цэнтры горада, дзе ёсць сур’езныя абмежаванні па гуку. Тым больш у Кракаве цэнтр – не проста нейкае гістарычнае месца, гэта сапраўдны музей. І што вы думаеце, у такім музеі можа сабрацца 100 тысячаў і араць як шалёныя?

Калі суаднесці ўсе гэтыя моманты, можна сказаць, што, наадварот, было вельмі шмат народу. Мы думалі, што прыйдзе значна менш. Таму мы вельмі задаволеныя.



Еўрарадыё: Давай цяпер пра “Палац” пагаворым. Як бы ты сам сказаў, якую частку беларускай культуры прэзентаваў твой гурт?

Алег: І мову, і манеру спяваць, то бок музычныя і гістарычныя беларускія традыцыі. Яны ж такія выбітныя! Іншая справа, што мы не ўсё ведаем. У Беларусі нават не ўсё ведаем. Нездарма ёсць цікаўнасць рабіць такія тыдні. І, канешне, хацелася, каб такія падзеі рабіліся не толькі некаторымі заахвочанымі людзьмі з Беларусі, а каб была цікаўнасць і самой краіны.

Еўрарадыё: Песні, якія гучалі – вы іх спецыяльна падбіралі да кракаўскага канцэрту, ці гэта быў стандартны набор?

Алег: Толькі адну песню мы гралі спецыяльна – не буду называць якую. Усе астатнія часцяком гучаць на нашых выступах, на фестывалях, розных імпрэзах.

Еўрарадыё: Мне падаецца, што спецыяльная – гэта была “Калядная”.

Алег: Неее! Спецыяльна пра дзевак было вельмі шмат песен! (смяецца).

Еўрарадыё: Я разумею, па Кракаве столькі прыгожых дзяўчат гуляе...

Алег: А падыходзяць толькі нашыя і амерыканскія.

Еўрарадыё: Што гэта яшчэ за гісторыя з амерыканскімі дзяўчатамі?

Алег: Нам проста было смешна, што пасля канцэрту набылі нашыя кампакты менавіта амерыканцы — цэлым натоўпам. А палякі неяк… не. Праўда, мяне гэта вельмі здзівіла, такога раней не было.

Еўрарадыё: А як было?

Алег: Раней як раз палякі набывалі больш за ўсіх.


Еўрарадыё:
Арганізатары казалі пра тое, што гэта фэст беларускай сучаснай культуры. Як ты лічыш, можна казаць пра «сучаснасць» у дачыненні да «Палацу»?

Алег: Безумоўна, гэта погляд ужо сённяшні. Погляд і на фальклор, і на аўтэнтычныя здабыткі. Мы сваёй музыкай не проста задаем пытанне «як сёння?», а спрабуем абмеркаваць «як будзе заўтра?». Мы прапануем слухачу наш погляд — як мы ўяўляем музыку Беларусі заўтрашняга дня.

Еўрарадыё: Што з новым матэрыялам, дарэчы?

Алег: Вельмі добра з новым матэрыялам! (смяецца).
Ды не, мы не спяшаемся выдаваць новае. І нават не ў гэтым справа. У нас зараз вельмі шмат розных праектаў. Паспеем. Зробім. І новыя песні запішам. Зараз вось на студыі зводзім новую песню «Хай месяц лунае» — вельмі цікава атрымліваецца. Хоць усе фалькларысты кажуць, што гэта цалкам народная песня, але няпраўда, яна створаная паводле беларускіх народных песень.

Еўрарадыё: Цікава, як ты ставішся да маладых этна-гуртоў, якіх зараз з'явілася даволі шмат? Напрыклад, «Джамбібум», якія перад вамі выступалі?

Алег: Вельмі паважаю. Усе гэтыя гурты — яскравыя прамяні ў беларускапй этна-музыцы. І да кожнага «промня» я стаўлюся з вялікай павагай. Яны працуюць на агульную ідэю, якую мы калісьці распачыналі. Гэта вельмі каштоўна.

Еўрарадыё: Але сур'ёзна, няма ніякай рэўнасці ці злосці на такія гурты? Яны ж не у традыцыйнай фальклорнай манеры спяваюць, а вельмі эклектычныя, мяшаюць стылі, могуць дадаць у этнічны тэкст фразы кшталту “legalize marihuana”.

Алег: Я сабе, канешне, не дазваляю такога рабіць. Звонку нашая музыка выглядае так, быццам мы бярэм нейкую этнічную песню, ніяк не змяняем яе і граем так, як яна гучала спрадвечна. А маладыя гурты дадаюць мульцікультуральнасці. Але, калі ласка, няхай дадаюць, гэта іх філасофія. І толькі дзякуючы такому рознаму падыходу каманды, якія працуюць у адным накірунку, адметныя і не падобная адна на другую.

Еўрарадыё: Як ты лічыш, гурты, якія выступалі на гэтым тыдні, дастаткова прэзентавалі сучасную беларускую культуру, ці каго не хапала?

Алег Хаменка: Насамрэч арганізатары казалі не колькі пра сучасную, колькі пра альтэрнатыўную беларускую культуру. Але б я і з гэтым не пагадзіўся. Я не магу сказаць, што тут гучала альтэрнатыва. Тут гучала сапраўды тая музыка, якая ў Беларусі вельмі запатрабаваная.

Іншая справа, што не ўсе адкрытыя пляцоўкі ў Беларусі могуць дазволіць сабе выступы «Палаца», «Крамы», «Яр», Drum Ecstasy ці «Нейра Дзюбеля». А тут гэта абсалютна дазволена і нармальна выглядае. Напэўна менавіта ў гэтым адметнасць і каштоўнасць гэтага фэсту.


 
 

Даслаць каментар









captcha image

Пакуль няма каментароў.

 
ЖЫВЫ ЭФІР:

Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.

Слухайце жывы эфір на плэеры, які вам пасуе


Даведка >>