Image 27310

Еўрапейскіх бізнэсоўцаў насцярожвае Мытны саюз 

Падчас XII Мінскага форума нямецкія палітыкі і эканамісты сцвярджалі, што са стварэннем Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана на шляху еўрапейскіх інвестыцый у беларускую эканоміку з’явіўся яшчэ адзін – псіхалагічны бар’ер

Дэпутат Бундэстага Геарг Шымберг лічыць бясспрэчным, што Мытны саюз прынясе Беларусі выгоды ў гандлі з Расіяй і Казахстанам. Але развіццё гэтых рынкаў пагражае еўрапейскім інвестыцыям, скарачэння якіх можна чакаць праз няўпэўненасць еўрапейцаў у трываласці новай міждзяржаўнай фармацыі:

Геарг Шымберг: “Вы кажаце, што ў вас цяпер будзе Мытны саюз... Гэта адпужвае заходнія краіны. Для перспектываў супрацоўніцтва з канцэрнамі, якія працуюць па ўсім свеце, словы вашага прэзідэнт, што вось з пачатку года пачнецца Мытны саюз, а ў сярэдзіне года нешта адбудзецца, — гэта смерць. Усе прадпрымальнікі хочуць мець як мага больш дакладныя прагнозы”.

Штэфан фон Крамон-Таўбадэль з Германскай кансультатыўнай групы эканамічных рэформаў у Беларусі кажа, што на 50% развіцця народнай гаспадаркі залежыць ад псіхалагічных фактараў. І таму псіхалагічны бар’ер, што ўжо ўтварыўся ў нямецкіх бізнэсоўцаў і стрымлівае іх інвестыцыі, – гэта вельмі дрэнны знак:

Штэфан фон Крамон-Таўбадэль: “Я ведаю бізнэсоўцаў са сваёй выбарчай акругі, ведаю, што яны думаюць. Страхі назапашваюцца. Мы баімся таго, што ў Мытным саюзе будзе дыктаваць Расія. І мы не зможам увогуле экспартаваць у Расію... Перад вамі вялікая задача: разбурыць гэтыя буйныя псіхалагічныя бар’еры!”

Нямецкім экспертам адказаў намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур. Яго прагноз, натуральна, – аптымістычны: маўляў, баяцца еўрапейцам няма чаго!

Андрэй Тур: “У свой час у Беларусі ніхто не рабіў псіхалагічнай праблемы з таго, як мы будзем супрацоўнічаць з Польшчай, з Літвой, з Латвіяй, калі гэтая краіны ўступалі ў Еўрасаюз. А для ЕС узаемаадносіны з Беларуссю – удзельніцай Мытнага саюзу з Расіяй і Казахстанам – гэта каласальны выйгрыш.

Калі нашыя інвестыцыйныя магчымасці вас задавольваюць — гэта адкрывае для вашых тавараў– пры стварэнні сумесных вытворчасцяў у Беларусі — магчымасці для пранікнення без мытаў на вялізарную эканамічную пляцоўку, ад Брэста да Ўладзівастока”.


Андрэй Тур абяцае, што інфармацыяй пра Мытны саюз Беларусь з еўрапейскімі інвестарамі падзеліцца, як толькі будуць падпісаныя дакументы па яго стварэнні. Але ці хопіць яе, каб зрабіць патрэбнае ўражанне на асцярожную Еўропу? Здаецца, Міністэрству эканомікі ўсё ж давядзецца ў самы бліжэйшы час наймаць на працу псіхолагаў — для ламання псіхалагічных бар’ераў.


Еўрапейскіх бізнэсоўцаў насцярожвае Мытны саюз - 0 (mp3, 1MB)


 
 

Даслаць каментар









captcha image

Пакуль няма каментароў.

 
ЖЫВЫ ЭФІР:

Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.

Слухайце жывы эфір на плэеры, які вам пасуе


Даведка >>