Прэс-рэлізы гавораць — каб паказаць там "беларускую актуальную музыку",
але, як высветліла Еўрарадыё, сапраўдныя планы — "пабачыць Троіцкага з
жонкай, папаліць праполіс, патанчыць голымі, "нахрукацца" і заразіць
усіх свіным грыпам". І за гэта арганізатар Папа Бо збіраецца атрымаць
тытул "шоў-алігарха году".
Еўрарадыё адправілася на вакзал
“Дружная” позна ўвечары
5 лістапада, а 22:30, каб праводзіць у Маскву аўтобус з беларускімі музыкамі. Спачатку мы сустрэлі
Аляксандра Багданава (Папу Бо) — галоўнага арганізатара другога па ліку фестывалю
"Можна!" ў Маскве.
Папа Бо цярпліва збіраў усіх музыкаў і рассаджваў іх па аўтобусе:
"У гэты раз едзе значна больш каманд, — сказаў
Аляксандр Багданаў ў інтэрв'ю Еўрарадыё. —
З новых гэта Botanic Project, Нагуаль, Пукст і Pukstband, RockerJocker і CherryVata, якія я зараз таксама прадзюсірую. Выступаць будзем на двух танцпляцах у клубе “Ікра”.
З маскоўскіх VIP-гасцей, якіх
Багданаў запрасіў гэтым разам на фестываль, можна будзе пабачыць вядомых дзеячаў:
“Прыйдзе Арцемій Троіцкі з жонкай, прыйдзе Алег Несцераў. Прыйдуць арт-дырэктары амаль усіх маскоўскіх клубаў, будзе шмат рэжысёраў кіно і тэатра”.
Нагадаем, па слядах першага фестывалю
“Можна!” ў Маскве
Аляксандр Багданаў атрымаў ад
Арцемія Троіцкага тытул “лепшага дзеяча году”. На гэты раз
Бо чакае іншую намінацыю — “Шоў-алігарх году”.
Пажадаем яму поспехаў, а самі пераключымся на музыкаў. Першае, што кінулася ў вочы, гэта што ніхто з іх не прыйшоў на вакзал у марлевых павязках.
“А ў нас бобамарлевыя павязкі! Ведаеце, дапамагае!” — сказалі
Botanic Project.
“А ў ва мне прыблізна 150 грамаў часныку. Не баюся,” — дадаў
Міхей з
RockerJoker.
“Я веру ў Божы промысел, і калі павінна забалець — значыць, павінна забалець і памерці неадкладна,” — сказала
Беня з
Серебряной Свадьбы.
“Дык крута! Заразімся свіным грыпам, прывязем яго сюды і заразім усю Беларусь!” — спадзяемся, што пажартавалі
Аддіс Абеба.
Але ўсе кропкі над “і” расставіў
Нагуаль:
“Мы і так ужо рохкаем, "нахрукаліся" то бок — так што нам не да грыпу!”.
З планамі на грып разабраліся, цяпер можна спытаць крыху і пра музыку (самі ведаеце, у цяперашні час неэтычна іншым тэмам адводзіць больш увагі, чым грыпу);
Такім чынам,
Сяргей Пукст, ледзь не самы сталы ўдзельнік каманды беларускіх актуальных музыкаў, ужо ў аўтобусе пачаў адчуваць “кагнітыўны дысананс” ад таго, што на выступленне адведзена мала часу:
“Выступленне толькі 40 хвілінаў будзе, а гэта абы-што. Я ж люблю пагаварыць, а тут трэба будзе выбіраць — ці спяваць, ці гаварыць. Думаю, трэба будзе спець, не Петрасяна ж масквічы чакаюць, а Пукста”.
Нагуаль спецыяльна для Масквы падрыхтавалі цэлы заплечнік праполісу:
“У нас спецыяльная праграма, якая называецца "Мега-эйфарычны балотны этна-панк". Можна будзе танцаваць голымі і паліць праполісныя палачкі. Мы іх збіраемся ў Маскве прадаваць замест нашых дыскаў,” — сказаў Л
еанід Паўлёнак, вакаліст і мультыінструменталіст
Нагуаля.
Міхей, які разам з
Максімам Серым прадставіць новы праект
RockerJoker, расказаў, што будзе “можна” падчас іх выступлення:
“Па-першае, абрадавацца, што рэанімаваны намі традыцыйны рускі заліхвацкі песенны падыход да справы. Па-другое, выпіць, і па-трэцяе, крыху паказытаць сабе мозг і наскакацца ўволю”.
Klim з
Botanic Project сказаў, што на фестывалі дазволяць сабе паэксперыментаваць:
“Мы будзем працаваць з музыкамі: Пеця Марцінкевіч — труба і Саша Грыгор’еў — гітара. Праграма будзе на хвілін 50, мы адабралі пад яе самыя магутныя, паводле нашага меркавання, песні. Будзе скрэтчынг, будуць эфекты дабавыя, будзе жывая музыка, будзе магутнае выкананне. А спецыяльна для Масквы будзе песня “Путь”, якую мы заспяваем з маскоўскім рэгі-гуртом Каникулы Бонифация,” — сказаў
Klim.
Аддзіс Абеба таксама плануе зайграць з маскоўскімі музыкамі:
“Гера Маралес можа прыйдзе зноў паспяваць з намі. Яшчэ мы запросім Аркадзя — гэта такі маскоўскі рэпер, таксама можа паспявае з намі,” — сказаў
Зміцер Іваноў, вакаліст
Аддзіс Абебы.
А вось
Порт Моне ніякіх спецыяльных песняў і праграмаў для фестывалю не хоча:
“Маскоўская публіка яшчэ не зусім знаёмая з творчасцю гурта Порт Моне, нас ведае вельмі малая колькасць людзей. Таму я спадзяюся пабачыць там новыя твары — вось гэта мне важна. А неяк здзіўляць, інтрыгаваць і забаўляць мне не цікава,” — сказаў
Аляксей Варсоба, акардэаніст
Порт Моне.
Яшчэ да двух калектываў —
CherryVata і
Кассиопея — Еўрарадыё, нажаль, не паспела дабрацца з мікрафонам, бо аўтобус тэрмінова ад’язжаў у Маскву. Але пра гэтыя гурты і ўсё, што адбываецца на фестывалі
“Можна!”, вы зможаце пачуць ў вечаровым эфіры Еўрарадыё
6 лістапада з 20.00 па 24.00. А таксама на нашай
інтэрнэт-старонцы, дзе інфармацыя будзе з’яўляцца ў рэжыме онлайн.
Расклад фэсту актуальнай беларускай музыкі "Можна!" — клуб “Ікра”, Масква, 6 лістапада:Ніжні танцпляц:19.30 – 20.10 RockerJoker
20.20 – 21.10 Botanic Project
21.20 – 22.00 PortMone
22.10 – 23.00 Кассиопея
Верхні танцпляц:19.30 – 20.10 Сяргей Пукст і Pukstband
20.20 – 21.00 Петля Пристрастия
21.10 – 21.50 Нагуаль
22.00 – 23.00 Аддзіс Абеба
23.10 – 23.50 CherryVata
00.00 – 01.00 кабарэ-бэнд Серебряная свадьба
Даслаць каментар